ЗША спынілі пастаўкі Украіне часткі абяцаных боепрыпасаў — СМІ

Ракетны комплекс Patriot
Злучаныя Штаты замарозілі пастаўкі Кіеву зенітных ракет і іншых высокадакладных боепрыпасаў. У Пентагоне асцерагаюцца, што запасы гэтых узбраенняў у саміх ЗША невялікія. Як піша выданне Politico са спасылкай на тры крыніцы, рашэнне было ініцыяванае намеснікам памочніка міністра абароны ЗША Элбрыджам Колбі яшчэ на пачатку чэрвеня.
Паводле інфармацыі выдання, гаворка ідзе аб ракетах для сістэм СПА Patriot, ракетах Hellfire і іншых боепрыпасах. Іх пастаўкі былі ўзгодненыя яшчэ адміністрацыяй Джо Байдэна.
Рашэнне Пентагона крытыкуюць у Кангрэсе ЗША. "Сістэмы СПА ЗША, уключаючы Patriot, з'яўляюцца асновай абароны Украіны ... Яны працуюць. Яны штодня ратуюць жыцці", — цытуе Politico кангрэсвумэн-дэмакрата ад штата Агаё Марсі Каптур. Рашэнне Колбі, на яе думку, непазбежна прывядзе да гібелі ўкраінскіх вайскоўцаў і грамадзянскіх асобаў.
NBC News са спасылкай на свае крыніцы ўдакладняе, што ЗША прыпынілі пастаўкі дзясяткаў ракет для сістэм супрацьпаветранай абароны Patriot, некалькі тысяч 155-міліметровых артылерыйскіх снарадаў. Акрамя таго спыненая перадача ракет Hellfire, снарадаў для сістэмы залпавага агню GMLRS, ракет класа "зямля-паветра" Stinger і ракет "паветра-паветра" AIM, а таксама гранатамётаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.