ЗША не супраць украінскіх удараў углыб тэрыторыі Расіі — Келаг

Кіт Келаг

Кіт Келаг / Andrew Harnik/AP/dpa/picture alliance

ЗША не маюць нічога супраць украінскіх удараў углыб тэрыторыі Расіі. Пра гэта Кіт Келаг паведаміў у інтэрв'ю тэлеканалу Fox News.

"Так, выкарыстоўвайце магчымасці, каб наносіць удары ўглыб. Ніякіх абмежаванняў не існуе", — адказаў спецпасланнік амерыканскага прэзідэнта на пытанне карэспандэнткі пра магчымасць Украіны наносіць удары на вялікай адлегласці. Келаг падкрэсліў, што гэты адказ дадзены з улікам выказванняў Дональда Трампа, віцэ-прэзідэнта Джэй Дзі Вэнса і дзяржсакратара Марка Рубіа.

Некалькі дзён таму The Wall Street Journal пісаў, быццам Трамп сказаў Уладзіміру Зяленскаму, што не пярэчыць супраць украінскіх удараў па тэрыторыі Расіі дальнабойнай зброяй амерыканскай вытворчасці. Пры гэтым выданне адзначыла, што Трамп не стаў браць на сябе ніякіх канкрэтных абавязанняў па перадачы Украіне дальнабойных ракет, пра якія прасіў Зяленскі.

Паводле Келага, на сустрэчы з Трампам Зяленскі прасіў перадаць Украіне ракеты Tomahawk. Канчатковага рашэння па гэтым пытанні, адзначыў пасланнік Трампа, яшчэ няма.

Далёкасць палёту ракет Tomahawk дасягае 5500 кіламетраў у залежнасці ад мадыфікацыі. Для параўнання: ракеты ATACMS, якія ЗША перадалі Украіне ў 2024 годзе, могуць паражаць цэль на адлегласці да 300 км.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.