ЗША гатовыя мяняць пазіцыю па візах для беларусаў
Беларусы ў Вашынгтоне / t.me/tsikhanouskaya/
Дарадца кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка расказаў пра вынікі стратэгічнага дыялогу паміж ЗША і беларускімі дэмакратычнымі сіламі, які праходзіў у Вашынгтоне. Найперш ён падкрэсліў унікальнасць самой падзеі. "Раней Злучаныя Штаты ніколі не ладзілі стратэгічны дыялог не з урадам", — кажа Вячорка. Таксама ён адзначыў, што дэмсілы здолелі не толькі сесці за стол перамоваў з уплывовымі амерыканскімі палітыкамі, але і дасягнуць важных дамоваў. Асноўнае — гэта стварэнне працоўных групаў па чатырох напрамках: палітвязні і прыцягненне рэжыму да адказнасці, дапамога прыватнаму сектару, культурным ініцыятывам, моладзі і беларускім дыяспарам. Гэтыя групы будуць збірацца і працаваць на рэгулярнай аснове.
"Я бачу пазітыў, што амерыканцы гатовыя мяняць пазіцыю па візах... Здаецца, ёсць гатоўнасць... пачаць выдаваць больш доўгія візы. Бо я не разумею, чаму расіянам выдаюць на тры гады візы, а беларусам — на адзін год. І гэта быў бы такі магутны сігнал салідарнасці", — працягвае Франак Вячорка.
Таксама дасягнута папярэдняя згода на прызначэнне спецпасланніка для працы з дэмакратычнай Беларуссю. На разгляд у Кангрэс ЗША пададзены Belarus Democracy Act 2023 — новая версія законапраекта, які падтрымлівае дэмакратычную Беларусь. Яго павінны прыняць да канца 2023 года. Будзе разглядацца магчымасць надання статусу часовай аховы для беларусаў ЗША.