Жанчыну ў мінскім метро ўдарылі нажом падчас куплі жэтонаў
Нож, ілюстрацыйнае фота
Мінчанка зайшла ў метро і напала з нажом на жанчыну, якая купляла жэтоны. Як паведамілі ў пракуратуры Мінска, інцыдэнт здарыўся на адной з новых станцый метрапалітэна.
23-гадовая мінчанка з нажом зранку 9 студзеня зайшла ў вестыбюль станцыі метро "Слуцкі Гасцінец". З невядомых прычынаў яна напала на жанчыну, якая купляла жэтоны.
Нападніцу затрымалі на месцы. Пацярпелую жанчыну давялося шпіталізаваць.
У пракуратуры адзначаюць, што нападніца стаіць на ўліку ў Мінскім гарадскім клінічным цэнтры псіхіятрыі і псіхатэрапіі. Ёй інкрымінавалі замах на забойства (ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 139 КК). Мінчанку ўзялі пад варту.