Заробкі ў Мінску большыя, чым у Кіеве, але ўдвая меншыя, чым у Маскве
Паводле Белстата, жыхары сталіцы ў траўні атрымалі ў сярэднім амаль 800 долараў. Ці спыніцца рост заробкаў у Беларусі?
У Мінску сярэдні заробак амаль дарос да 800 долараў у месяц. У траўні 2014 жыхары сталіцы зарабілі амаль на 6% больш, чым год таму. І гэта з улікам гадавога росту коштаў на тавары і паслугі, сцвярджае Белстат. Падняліся рэальныя заробкі таксама ў Мінскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. Што праўда, не так значна. Усяго на 0,5-1%. А вось жыхарам Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей не пашанцавала. Там заробкі з улікам росту коштаў нават зменшыліся на 0,3 — 0,7%. У цэлым па краіне Белстат фіксуе рост прыбыткаў насельніцтва прыкладна на 2%.
Эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што рост заробкаў у Беларусі не забяспечаны ростам вытворчасці. А растуць яны за кошт атрыманых раней замежных крэдытаў.
“То бок за кошт таго, што выдаюцца грошы, не забяспечаныя вытворчасцю тавараў і паслуг у краіне. І заробкі, якія не забяспечаныя гэтым, яны з дапамогай інфляцыі абясцэньваюцца”.
Інфляцыя за 2014 год у Беларусі запланаваная ў памеры 11%. Што будзе насамрэч, сказаць ніхто не бярэцца. Звычайна рэальны яе рост апярэджвае прагнозы Нацбанка на некалькі працэнтаў.
Згодна з Белстатам, у траўні 2014 года больш за ўсё ў Беларусі прадказальна зараблялі тыя, хто нейкім чынам звязаны з вылічальнай тэхнікай — у сярэднім 15 мільёнаў 300 тысяч рублёў. На другім месцы “дзейнасць паветранага транспарту” – 12 мільёнаў 400 тысяч, на трэцім — вытворчасць нафтапрадуктаў — 11 мільёнаў 500 тысяч. А самы маленькі заробак традыцыйна ў работнікаў сацыяльнай сферы — усяго 3 мільёны 470 тысяч рублёў за месяц.
Калі параўноўваць Мінск са сталіцамі суседніх дзяржаў, то ў Маскве сярэдні заробак амаль удвая вышэйшы — каля 1700 долараў. А вось у Кіеве ён вагаецца ў раёне 500 долараў. Цікава, што яшчэ два гады таму заробкі ва ўкраінскай сталіцы былі вышэйшымі за мінскія — 572 долары супраць 506.
Параўнальна з мінчанамі зарабляюць жыхары Баку — каля 700 долараў. Значна больш у мытнай саюзніцы Астане — каля 1000 долараў у месяц.
Леанід Злотнікаў мяркуе, што павышацца заробкі могуць пакуль Беларусі даюць замежныя крэдыты. Ужо атрыманых павінна хапіць на год-два. А вось далей можа пачацца цікавае.
“Тут залежыць, як будуць развівацца падзеі. Але ў гэтым годзе з крэдытамі цяжка. Абяцаныя Расіяй у мінулым годзе 2 мільярды нам так і не далі. Даюць толькі брыдж-крэдыты, часовыя. Паўмільярда мы ўжо ўзялі, хутка яшчэ возьмем. Але як толькі атрымаем асноўны крэдыт, то гэтыя паўмільярда-мільярд трэба будзе аддаць”.
На думку эксперта, адсутнасць крэдытаў таксама не стане трагедыяй — можна заняцца прыватызацыяй. Пытанне, наколькі да гэтага гатовыя ўлады. Але ва ўсякім разе выглядае на тое, што ў бліжэйшы год-паўтара рост заробкаў, хай сабе адносны, захаваецца. А пазней, пасля чарговых выбараў, традыцыйна можа быць што заўгодна.