Захад мае шанец перацягнуць Беларусь на свой бок — палкоўнік Генштаба Аўстрыі

Маркус Райснер

Маркус Райснер / ZUMA Press Wire

Захад мае шанец перацягнуць на свой бок Беларусь, бо рэжым Лукашэнкі дагэтуль так і не ўступіў актыўна ў вайну Расіі супраць Украіны. Такое меркаванне выказаў ваенны эксперт, палкоўнік аўстрыйскага Генштаба Маркус Райснер у інтэрв'ю DW.

Ён адзначыў, што рэжым Лукашэнкі доўга і паспяхова ўстрымліваўся ад непасрэднага ўдзелу ў вайне, дзякуючы саступкам, якія ён зрабіў для Расіі. "Я цалкам веру, што мэта Беларусі — не быць уцягнутай у гэты канфлікт у тым сэнсе, што яна выставіць сотні тысяч салдат, якія будуць фактычна змагацца на фронце", — падкрэсліў аўстрыйскі эксперт.

Райснер адзначае, што Лукашэнка дзейнічае як хітры ліс, за што яму варта аддаць належнае. Але праблема, кажа ён, у тым, што Беларусь ізаляваная ад Захаду. Каб задавальняць патрэбы насельніцтва, кіраўніцтва дзяржавы будзе вымушанае звяртацца да Расіі, бо іншых варыянтаў няма.

"Гэта было б напраўду шанцам для Захаду пачаць кантактаваць з Беларуссю і паспрабаваць перавабіць насельніцтва на свой бок, перш чым адбудзецца гэты пералом. Але — увага! — гэта не так проста, таму што паміж беларусамі і рускімі вельмі моцныя сувязі", — падкрэслівае Райснер. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.