Забудоўшчык з крымінальным мінулым збірае грошы з дольнікаў, але… не будуе

“Хопіць падману”, “Нас не чуюць”, “Дзе кантроль?!” — самаробныя плакаты з такімі пытаннямі трымаюць людзі, якія ўжо два з паловай гады як мусілі жыць ва ўласных кватэрах. Несанкцыянаваны мітынг зладзілі днямі ашуканыя дольнікі дома па вуліцы Прытыцкага,97 у Мінску.



“У 2010 годзе падпісвала дамову з “Тэрабудінвест”, да канца будаўніцтва заставалася ўсяго два (!) месяцы, — распавядае Еўрарадыё “ўладальніца” адной з кватэр даўгабуду Ірына. — Адразу была выплачаная палова кошту кватэры, а пасля, да канца года, і астатняе”.



Калі стала відавочна, што ў тэрміны забудоўшчык не ўкладаецца, Ірыне прапанавалі даплаціць і пабудаваць замест аднапакаёвай — двухпакаёвую кватэру. Жанчына пагадзілася і да пачатку 2011 года сплаціла неабходную суму. Прайшло два з паловай гады, а жылля так і не мае.


Хто раней, хто крыху пазней падпісалі дамову на будаўніцтва кватэры з “Тэрабудінвест” і іншыя ўдзельнікі пікету. Усе яны ўжо даўно як цалкам аплацілі сваё жыллё. Толькі забудоўшчыку гэтага мала, далучаецца да размовы Ганна.



Ганна: “Просяць падпісаць дадатковае пагадненне наконт даплат. Кошт гэтых даплат — 2 мільёны рублёў на квадратны метр. Выходзіць добрая сума, калі мы памнажаем на плошчу”.



За сваю кватэру ў 43 квадратныя метры Ганна і так ужо заплаціла 45 тысяч долараў — каля 1050 долараў за метр. Прычым яна будавалася як тыя, каму патрэбна паляпшэнне жыллёвых умоў. У іншых дольнікаў і на той момант метр каштаваў 1100-1200 долараў. Калі дадаць сюды запатрабаваную даплату, то кошт метра вырастае да 1300 долараў. За гэтыя грошы можна пабудавацца і з іншым забудоўшчыкам. Прынамсі, з тым, які не мае такой крымінальнай біяграфіі, як “Тэрабудінвест”.



Нагадаем, справу наконт махінацый пры долевым будаўніцтве “Тэрабудінвест” суд разглядаў у жніўні 2010 года. Тады за продаж неіснуючых кватэр з дапамогай падробленых пячатак “Тэрабудінвест” і падстаўных рыэлтарскіх офісаў за краты на тэрміны ад 4 да 9 гадоў трапілі 6 чалавек. У тым ліку — адзін з сузаснавальнікаў “Тэрабудінвест” Барыс Руднеў і яго падначалены Дзмітрый Агароднікаў. Вынікам іх “дзейнасці” сталі амаль 500 чалавек пацярпелых, мільёны долараў страт, “адмыўка” грошай у Расіі.



Тады афіцыйныя дольнікі ўсё ж атрымалі свае кватэры, а падманутым дапамагла дзяржава — далі магчымасць пабудавацца на льготных умовах. Тым не менш дзейнасць “Тэрабудінвест” працягвае параджаць новых падманутых дольнікаў. Цікава, што пазбавіцца ад такога забудоўшчыка ў іх няма ніякай магчымасці, абураецца Аляксандра.



Аляксандра: “Мы б з задавальненнем забралі свае грошы і сышлі, але нам іх ніхто не верне!”



Хаця б таму, што за “невыкананне тэрмінаў здачы аб’екта ў эксплуатацыю” гаспадарчы суд пакараў “Тэрабудінвест”… 2 мільярдамі рублёў штрафу. Нібыта з-за гэтага забудоўшчык працягваць працы не можа. “У 2011 годзе будаўнікі працавалі на аб’екце 3 месяцы, у 2012 — адзін!” — дадае чарговы падмануты дольнік Віктар.



“Па гэтым штрафе ў іх яшчэ 1 мільярд нясплачанай запазычанасці”, — пацвярджае сумны фінансавы стан “Тэрабудінвест” начальнік упраўлення жыллёвага будаўніцтва Мінгарвыканкама Аляксандр Сцяпанаў. Ёсць і іншыя запазычанасці перад горадам — за знесенае жыллё.



Праўда, дадае, што ў забудоўшчыка ёсць яшчэ непрададзеныя кватэры, якія ён можа “рэалізаваць” і вярнуць грошы тым, хто хоча выйсці з “праекта”. У тым, што пакупнікі знойдуцца, удзельнікі мітынга сумняваюцца, і прапануюць уладам перадаць дом іншаму забудоўшчыку.



“А хто будзе штраф плаціць, а хто будзе гораду кампенсаваць 6% (за знесенае жыллё. — заўв. Еўрарадыё)? — тлумачыць немагчымасць такой змены Аляксандр Сцяпанаў. — На гэтай стадыі гэта не выгадна любой арганізацыі”.



Нібыта, паміж гарадскімі ўладамі і “Тэрабудінвест” дасягнутае пагадненне: кампанія абавязалася не толькі дабудаваць дом на Прытыцкага, але і выплаціць усе запазычанасці гораду. Праўда, у адказ на пытанне Еўрарадыё, ці пастаўленыя перад забудоўшчыкам тэрміны здачы аб’екта, чыноўнік сумна ўздыхае: “Ім ужо столькі разоў жорстка ставілі гэтыя тэрміны!”



Людзей у гэтай сітуацыі больш за ўсё абурае бяздзеянне кантралюючых органаў.



Віктар: “Усё скідваюць уніз! Накіравалі скаргу ў Генпракуратуру — здавалася б, гэты орган мусіць разабрацца! Скінулі ў гарадскую пракуратуру, адтуль — у Мінгарвыканкам, тыя — у адміністрацыю Фрунзенскага раёна — усё!”



У аддзеле будаўніцтва адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска праблему прызнаюць. Але неяк паўплываць на яе вырашэнне не могуць. Людзям прапануюць даплаціць тое, што патрабуе забудоўшчык, але ніякіх гарантый, што будаўніцтва завершыцца, як абяцаецца — у 2013 годзе, таксама не даюць.



Знайсці “Тэрабудінвест” апынулася вялікай праблемай: сайт забудоўшчыка не працуе, гарадскія тэлефоны не адказваюць, мабільны — перададзены іншаму прадпрыемству, у адміністрацыі раёна кантакты “падказаць не могуць”.



А прапанова пабудаваць сабе кватэру ў доме па Прытыцкага і сёння ёсць у інтэрнэце! У абвестцы пазначана, што дом будзе здадзены ў 2013 годзе, што ён на стадыі “добраўпарадкавання прыдамавой тэрыторыі”. Праўда, і там — ніякіх кантактаў.


 

Фота: Змітра Лукашука