Яраславу Раманчуку прапанавалі месца Сяргея Сідорскага

Некалькі дзён таму кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук атрымаў неафіцыйную прапанову ўзначаліць Савет Міністраў — стаць прэм’ерам. Паступіла яна з боку двух супрацоўнікаў Адміністрацыі прэзідэнта, прозвішчы якіх палітык называць не захацеў. Пра гэта ён паведаміў падчас прэс-канферэнцыі 13 снежня.

Яраслаў Раманчук: “Гаворка ішла пра тое, каб заняць адну з найвышэйшых пасад у Савеце Міністраў — ці то прэм’ера, ці то віцэ-прэм’ера ў справах правядзення эканамічных рэформ і каардынацыі іх”.

Паводле яго словаў, ніякіх патрабаванняў у абмен на высокую пасаду палітыку не выстаўлялі, зняцца з выбараў не заклікалі.

Але, кажа Раманчук, калі паглядзець, якія рэальна маюць сёння паўнамоцтвы чыноўнікі на гэтых пасадах, то бачна, што сапраўдныя рэформы правесці немагчыма. І таму ён са свайго боку зрабіў прапановы візіцёрам.

Яраслаў Раманчук: “Я казаў пра неабходнасць змены падыходаў да працы Савета Міністраў, надзялення яе паўнамоцтвамі і, перш за ўсё, пра магчымасць прыцягнення да працы прафесіяналаў са сваёй каманды, а не працы з тымі людзьмі, якія будуць прызначаныя. Тут гаворка ідзе не толькі пра тое, каб змясціць аднаго Раманчука ў тую вертыкаль, якая сёння ёсць, а пра тое, каб прыйшла каманда людзей, якія могуць рабіць рэформы, якія ведаюць, што такое рынкавая эканоміка і могуць выкарыстоўваць той патэнцыял, дакументы, канцэпцыю, якія былі напрацаваныя намі за апошнія гады”.



Згодна са словамі Раманчука, прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта паабяцалі перадаць яго умовы на самы верх і ператэлефанаваць. Але, кажа, так пакуль нічога не дачакаўся.

Затое праз пару дзён пасля гэтай размовы Яраслаў Раманчук трапіў у аўтакатастрофу на трасе Гомель-Мінск, непадалёк ад Буда-Кашалёва. Палітык ехаў у Рагачоў на сустрэчу з выбаршчыкамі. Як высветлілася, за рулём аўто, якое пратараніла машыну кандыдата, сядзеў сяржант міліцыі Павел Хранькоў. Але супрацоўнікі Буда-Кашалёўскай ДАІ у той жа дзень выказалі меркаванне, што кіроўцу "Аўдзі" "асляпіла сонца" і праз гэта ён не заўважыў "Фольксваген" Раманчука. Напачатку і сам Яраслаў не выключаў магчымасць выпадковасці ДТЗ. Але зараз схіляецца да іншай думкі.

Яраслаў Раманчук: “Тое, як яны размаўлялі з намі (пасажыры машыны, якая ўчыніла аварыю, — ЕРБ): жанчына выйшла з машыны і паводзіла сябе так, нібыта яна не ў аварыю трапіла, дзе магла згубіць жыццё, а побач стаяла. Па-другое, кіроўца чамусьці адразу пачаў здымаць нумары. Спачатку мы на гэта не звярнулі ўвагі, але потым заўважылі: адразу нумар быў, а потым яго знялі. Я пяць разоў спрабаваў датэлефанавацца па нумары 102 — і ніякага эфекту не было. І толькі калі набраць нумар паспрабаваў са свайго тэлефона Леанід Заіка, гэта атрымалася. І калі 40 хвілін едзе “хуткая дапамога” і міліцыя да месца здарэння, — гэта выклікае пэўныя сумневы”.

Таму, кажа старшыня АГП Анатоль Лябедзька, палітрада партыі прыняла рашэнне звярнуцца да міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова з патрабаваннем распачаць крымінальную справу па факце гэтага аўтаздарэння — каб высветліць усе акалічнасці справы.

Анатоль Лябедзька:
 “Мы памятаем папярэднія кампаніі, што адбывалася з Ганчаром і Захаранкам, якія мелі толькі намер ісці на прэзідэнцкую кампанію. Мы ведаем, што адбылося з Аляксандрам Казуліным падчас кампаніі. Таму для нас гэта не толькі рэакцыя на падзеі, якія адбыліся, але і пэўныя гарантыі для нашага кандыдата ў прэзідэнты”.



Падрыхтавалі Раманчук з Лябедзькам і яшчэ адзін зварот — да таго ж Куляшова, старшыні КДБ Вадзіма Зайцава і Генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча. У гэтым звароце ад сілавікоў патрабуюць знайсці і пакараць злачынцаў, якія, паводле слоў Уладзіміра Макея, рыхтуюць тэрарыстычныя акцыі 19 снежня на Кастрычніцкай плошчы. Нагадаем, у інтэрв’ю тэлеканалу “РТР-Беларусь” Макей заявіў, што апазіцыянеры, заклікаючы людзей сабрацца ў дзень выбараў на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, насамрэч рыхтуюць правакацыі, у тым ліку з выкарыстаннем выбуховых рэчываў. Калі ж факты, кажа Анатоль Лябедзька, выкладзеныя кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта, не пацвердзяцца, то прыцягнуць да адказнасці трэба яго.

Анатоль Лябедзька: “Мы катэгарычна патрабуем, каб літаральна сёння-заўтра былі затрыманыя тыя тэрарысты-баевікі, якія ўжо нарыхтавалі боезапас і выбухоўку. Калі ж атрымаецца, што затрымліваць няма каго і што гэтыя баевікі — гэта нейкія фантазіі Макея, то мы звяртаемся да Генеральнага пракурора з патрабаваннем прыцягнуць да крымінальнай адказнасці гэтую высокапастаўленую асобу за распаўсюд хлусні і нагнятанне страху напярэдадні галасавання”.

Адказваючы на пытанне Еўрарадыё, Раманчук прызнаўся, што спадзяванняў на тое, што ім сапраўды прад’явяць затрыманых тэрарыстаў і іх бомбы, альбо пакараюць Макея, няма. Але, кажа, вымушаны гэта рабіць. Бо гаворачы пра “лідараў апазіцыі, якія рыхтуюць тэрарыстычныя акцыі”, кіраўнік Адміністрацыі абвінаваціў у гэтым і яго асабіста. А на такі паклёп ён змаўчаць не можа. Тым больш, што сам абавязкова будзе 19-га на плошчы, — і клапоціцца пра сваю бяспеку ў тым ліку.

Фота Змітра Лукашука