Яраслаў Раманчук: Прэзідэнт павінен праходзіць псіхіятрычнае абследаванне

Еўрарадыё правяло “Дзень з кандыдатам”, за які паспела пабываць дома ў Яраслава Раманчука і даведацца, чым ён частуе гасцей, з’ездзіць з ім на сустрэчы ў Слуцк і Салігорск, паабедаць у прыдарожнай кавярні і “падслухаць” унутрыштабныя размовы (ФОТА).
“Дзень з кандыдатам” Яраславам Раманчуком у карэспандэнта Еўрарадыё пачаўся ў нядзелю 5 снежня ў 8.30. Кандыдат рыхтаваўся да выступу ў Слуцку і Салігорску. Як высветлілася, на кубак ранішняй кавы Еўрарадыё паспела, але дзень у Раманчука пачаўся амаль на дзве гадзіны раней. За гэты час ён паспеў зрабіць зарадку і напісаць артыкул для свайго блога. 



Амаль адначасова з Еўрарадыё ў кватэру кандыдата зайшоў яго былы настаўнік і давераная асоба Леанід Заіка. Ад дзвярэй пацікавіўся тэледэбатамі.

Леанід Заіка: “Ну, і як пасля ўчорашняга, Яраслаў Часлававіч? Вы спалі спакойна?”

Яраслаў Раманчук: “Нармальна! Чаго не спаць — нічога такога незвычайнага не было! Трымайце лепш: гэта вам чорная гарбата з карамеллю”.



І пабег пераапранацца. Сам амаль на бягу выпіў кубак кавы і “пагнаў” з кватэры: трэба было спяшацца ў Слуцк. 



На выхадзе карэспандэнт Еўрарадыё пашкадаваў, што не ўдалося зрабіць здымак пацалунка ў дарогу, якім Яраслава праводзіла яго каханая Алеся. Той толькі пасмяяўся ў адказ. Праўда, ужо пазней высветлілася, што Алеся была дома, але адпачывала, позна вярнуўшыся з камандзіроўкі.

10.50 – 13.00 Кандыдат у прэзідэнты расказвае случчанам тэзісы сваёй праграмы, адказвае на пытанні пра сваё псіхічнае здароўе і ад’язджае ў Салігорск.

Ехалі на дзвюх машынах. Палац культуры ў Слуцку сустрэў гасцей са сталіцы халоднай залай і не вельмі вялікай колькасцю людзей. Ахвяравалі нядзельнай раніцай на карысць сустрэчы з кандыдатам толькі каля 100 случчан. 




Найперш слова ўзяў старшыня АГП Анатоль Лябедзька з загіпсаванай рукой. Дзе злавіў “варожую кулю”, не прызнаўся. Але ад людзей руку не хаваў. Наадварот — зрабіў яе прыкладам для тэзісаў сваёй уступнай прамовы, разважаючы пра эканамічную палітыку сённяшняй улады.

Анатоль Лябедзька: “Мы кажам, што сёння 52 лядовыя палацы Беларусі не трэба. І 30 зашмат! І 10 больш чым дастаткова! Хопіць па адным у кожным абласным цэнтры. Вы запытаецеся: “А што тады? Бульдозеры ўжо пляцоўкі разраўнавалі — што там будаваць?” Вось каманда Раманчука кажа: “Там трэба будаваць спецыялізаваныя медыцынскія цэнтры!”





Ён нагадаў, што боты павінен шыць шавец, лячыць людзей — доктар, а эканоміку — прафесійны эканаміст, якім з’яўляецца Яраслаў Раманчук. Эканаміст Леанід Заіка, які выступіў услед за Лябедзькам, узгадаў пра тое, што сам ён са Слуцка, але далей казаў пра грошы і эканоміку. Асобна спыніўся на жаданні ўладаў прыватызаваць такія прадпрыемствы, як, да прыкладу, “Беларуськалій”.

Леанід Заіка: “Для таго, каб праводзіць эканамічную палітыку ў ранейшым рэжыме, нам трэба будзе распрадаваць нашы прадпрыемствы. Няхай Аляксандр Рыгоравіч прадасць сваю хату камусьці з замежнікаў. Няхай Сідорскі сваю кватэру прадасць! Чаму яны вырашылі прадаваць Трактарны завод, Калійны камбінат? Яны яго што, стваралі, яны там працавалі, бацькі іх працавалі?! Я ўпэўнены, і гэта ёсць у праграме Яраслава: калі мы будзем нешта прадаваць, то давайце не ў наступным годзе”.




І заўважыў, што Яраслаў — адзін з лепшых ягоных вучняў. Дарэчы, пазней высветлілася, што намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур — таксама ягоеы вучань. Вось толькі сярод лепшых Заіка яго ўзгадваць адмаўляецца.

У сваім выступе сам Раманчук фактычна паўтарыў тое, што казаў па тэлебачанні: пра заробкі, эканоміку, адукацыю, медыцыну. Паводле яго словаў, усё трэба рэфармаваць. Але ў той жа час захаваць усё лепшае, што было напрацавана.

Аўдыторыя была добразычлівая. Пыталіся, як Раманчук выканае сваё абяцанне стварыць мільён працоўных месцаў, як збіраецца ратаваць эканоміку і нерэнтабельныя прадпрыемствы. Пра адносіны з Расіяй і Еўропай. Адно пытанне выбівалася з агульнага шэрагу.

Яраслаў Раманчук: “Запіска: “Ці праходзіце вы і іншыя кандыдаты незалежнае медыцынскае абследаванне наконт фізічнага і псіхічнага здароўя?”. Я гатовы прайсці хоць заўтра, хоць паслязаўтра. Фізічнае здароўе маё такое, што я 2 гадзіны магу гуляць у футбол з Анатолем, хай ён толькі сваю руку вылечыць. У гэтым праблем няма. І не сустракаў людзей, якія б скардзіліся на незбалансаванасць маёй псіхікі. Але цалкам згодны з вамі ў тым, што прэзідэнту неабходна праходзіць гэтую працэдуру, каб упэўніцца ў тым, што ў яго ў галаве ўсё ў парадку”.


На выхадзе людзі дзяліліся ўражаннямі ад сустрэчы.

Мужчына: “Вось нам такіх маладых і трэба! Ён чалавек адукаваны, ён можа размаўляць і на іншых мовах. Бо наш, дзеючы, ні па-беларуску, ні па-руску не можа!”



Жанчын жа хваляваў сямейны статус Яраслава.

Жанчына: “Вось цікава, што ён яшчэ не жанаты!”

Мужчына: “Ён жа сказаў, што заручоны! А не жанаты — бо па бацьку яшчэ год не прайшоў”.

Жанчына: “Дык што, да 44 гадоў не змог знайсці сабе спадарожніцу жыцця?!”

Мужчына: “Заняты быў: вучыўся!”

14.00 – 16.45 Раманчук наведвае рынак у Салігорску, хутка абедае, сустракаецца з прадстаўнікамі Беларускага незалежнага прафсаюза і прымае хлеб-соль на прыступках мясцовага Палаца культуры.

Развітаўшыся са Слуцкам і Анатолем Лябедзькам, які вяртаўся ў Мінск, Яраслаў Раманчук рушыў у Салігорск. Спачатку было прызначана наведванне мясцовага рынка. 



Кандыдата пазнавалі, яму скардзіліся на свае беды: найперш на вялікія падаткі, на тое, што за месца на рынку даводзіцца плаціць каля мільёна. А там нават лямпачку для асвятлення не дазваляюць павесіць. За асвятленне і ацяпленне адміністрацыі рынка грошы бяруць з гандляроў.

Гандляры: “У будынку адміністрацыі ацяплення няма і грэюцца абагравальнікамі. І раскідваюць аплату па прадпрымальніках, якія мерзнуць цэлы дзень! А ведаеце, колькі яны плацяць за месца ў месяц? Па 800-900 тысяч!”







Раманчук даў некалькі падказак, куды скардзіцца, заклікаў не галасаваць датэрмінова і галасаваць за яго, паабяцаў у выпадку абрання аблегчыць жыццё гандляроў. 



Потым мы заскочылі ў кавярню і па-хуткаму паабедалі. У меню кандыдата трапіў салат, суп з фрыкадэлькамі і бульба фры. Далей — сустрэча з кіраўнікамі Беларускага незалежнага прафсаюза. Віцэ-старшыня БНП Мікалай Новік расказаў кандыдату пра ціск на незалежны прафсаюзны рух, пра незадаволенасць працоўных кантрактнай сістэмай, пра незадаволенасць існуючай уладай. Але асабліва, кажа, працоўных хвалюе тое, што “Беларуськалій” улада хоча прыватызаваць. Вось толькі ёсць перасцярогі, што ў выніку такой прыватызацыі тыя, хто працуе на камбінаце, не атрымаюць нічога.


Раманчук параіўся з Заікам і паабяцаў шахцёрам дапамагчы скласці прапановы працоўнага калектыву па прыватызацыі такім чынам, каб іх не пакрыўдзілі. Праўда, калі справа да прыватызацыі ўсё ж дойдзе. Бо сам кандыдат супраць таго, каб прадаваць такія буйныя і прыбытковыя прадпрыемствы ў бліжэйшыя гады.



На заканчэнне Яраслаў накіраваўся ў мясцовы Палац культуры. Там яго сустрэлі хлебам-соллю і здзівілі амаль поўнай залай. На сустрэчу прыйшло каля 500 чалавек. 




Прамова і Заікі, і Раманчука была амаль падобная да таго, што яны казалі ў Слуцку. Праўда, з улікам таго, што Салігорск — горад шахцёраў. Іх цікавіла будучыня “Беларуськалія”.

Мужчына з залы: “Можа апынуцца, што ўсе акцыі “Беларуськалія” забраў адзін чалавек. Што будзе, калі мы апынемся пад пяткай у кітайца ці яго сына Віктара, у якога ўжо сабраныя вялікія грошы з латарэй?”

Пастаноўка пытання павесяліла і залу, і кандыдата ў прэзідэнты. 

Яраслаў Раманчук: “Дзякуй за пытанне! Мне асабліва спадабалася “кітаец і яго сын Віктар”. Цікавая інтэрпрэтацыя. Я вам гарантую адно: калі бліжэйшым годам “Беларуськалій” будзе прыватызаваны і прададзены кітайцам, то, калі я стану прэзідэнтам, гэтая здзелка будзе прызнаная несапраўднай”.



21.00 – 23.30 Кандыдат выпраўляецца ў зваротную дарогу ў Мінск, вячэрае ў прыдарожнай кавярні, адказвае на правакацыйныя пытанні карэспандэнта Еўрарадыё, дае ў дарозе яму карысныя парады і мякка адмаўляецца ад суправаджэння да дзвярэй спальні.

Сустрэча зацягнулася амаль на 3 гадзіны. І па яе заканчэнні кандыдата доўга не адпускалі: пра нешта пыталіся, раіліся, бралі аўтографы, жадалі поспеху. 



Выехалі з горада толькі каля 9 вечара. Раманчук быў настроены адразу імчаць у Мінск — абяцаў яшчэ сёння апісаць уражанні ад паездкі ў блогу. Але па просьбах суправаджаючых вымушаны быў спыніцца ў прыдарожнай кавярні, каб нечага з’есці ў дарогу. Вячэра кандыдата, як і абед, аказалася сціплай: звычайнае пюрэ з катлетай і кава з аўтамата. 

“Стома праходзіць пасля таго, як вернешся дахаты і з’ясі кавалак кавы. Гэта фізічная стома, але энергетыка ад сустрэч добрая, эмацыйнай стомы не бывае. Больш за тое — яна кампенсуе тую фізічную стому, якая ёсць”, — кажа Раманчук і прызнаецца, што за апошнія некалькі тыдняў удалося знайсці крыху часу на напісанне толькі аднаго навуковага артыкула. У працы прааналізаваў апошні даклад Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця.

Еўрарадыё: “Вяртаешся стомлены дахаты, яшчэ запланавана нешта зрабіць. А там чакае маладая жонка, якая патрабуе хаця б увагі! Я ўжо не кажу пра нешта большае...”

Яраслаў Раманчук: “Ёсць і большае, ёсць і ўвага! Калі маладая жонка ўжо спіць, я іду да камп’ютэра і працую, раблю тое, што трэба”.

Еўрарадыё: “Атрымліваецца: спачатку ўвага і ўсё большае, а потым — праца?”

Яраслаў Раманчук: “Так! Потым толькі праца!”

Еўрарадыё: “А адпачываць калі?!”

Яраслаў Раманчук: “Адпачываеш, калі едзеш, калі ёсць нейкая хвіліна. Я ўжо прызвычаіўся да таго, што магу спаць у транспарце, у машыне — на дзве-тры гадзіны адключыцца, дзе б ні быў. Трэба толькі прызвычаіцца да такога рэжыму”.

У Мінск вярнуліся каля 12 ночы. Па дарозе з Раманчуком і Заікам разважалі пра магчымыя варыянты прыватызацыі “Беларуськалія”, пра тое, як выгадней набыць жыллё, пра падводныя плыні ў дэмакратычным руху. Але гэта была проста размова “па-сяброўску”, не прызначаная для публікі.

Фота: Змітра Лукашука