Як пакрыўджаныя людзі хадзілі скардзіцца Макею

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ўладзімір Макей перыядычна праводзіць так званыя маніторынгі людскіх скаргаў і працы чыноўнікаў з насельніцтвам. Для людзей, якія ў пошуках праўды прайшлі шлях ад раённых судоў і мясцовых адміністрацый да Генпракуратуры і Вярхоўнага суда, гэта ледзь не апошні шанец дамагчыся вырашэння сваёй праблемы. З чым яны хадзілі да Макея і што з гэтага атрымалася, карэспандэнту Еўрарадыё расказалі чацвёра з такіх “хадакоў”.

У 1999 годзе шаснаццацігадовая Вера, дачка Мікалая Лебедзя, які жыве ў Салігорску, паступіла ў Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж. Але не правучылася і паўгода, як раптоўна загінула. Паводле афіцыйнай версіі — у аўтааварыі. Паводле меркавання Мікалая — дачка стала ахвярай “карэліцкай банды”.

Мікалай Лебедзь: “Маю дачку адвезлі ў вёску Азярцы. Там ёсць баракі ў лесе. Яе там згвалцілі і разбілі галаву. Дзве дзіркі ў галаве — 3,5 на 7 і 4,5 на 11 сантыметраў. І разыгралі аўтааварыю. Напісалі, што дачка загінула, бо сядзела ў эпіцэнтры ўдару. А ўдар быў у задняе кола. Гэта адбылася 13 лютага 2000 года. І як нам, бацькам, было глядзець на ўсё гэта — мы рэчы яе забралі, а спадніца парваная, на ёй сперма, на калготах, на трусах...”

Чалавека, які нібыта сядзеў за рулём той машыны, пакаралі двума гадамі “хіміі”. Мікалай Лебедзь кажа, што спрабаваў дамагчыся правасуддзя, але ніхто і нідзе не хацеў слухаць бацьку загінулай дзяўчыны. Больш за тое, згодна з яго словамі, вынікі экспертызы некалькі разоў перапісваліся, аналіз рэчаў дачкі абмежаваўся тым, што іх вымылі. Чарговая спроба дабіцца праўды — візіт да Макея.

Мікалай Лебедзь:
“Я быў 22 ліпеня ў Макея і падаў яму ўсе матэрыялы. Ён жа перапраўляе ўсю справу ў Генпракуратуру. А з Генпракуратуры мне прыйшоў адказ за подпісам намесніка генпракурора Стука, дзе напісана, што вы нам нічога новага не далі і мы гэтую справу не разглядаем”.

Бацька Веры такі адказ лічыць звычайнай адпіскай.

Гісторыя Рыгора Сарокіна з Горак яшчэ больш заблытаная. У 1994 ён вырашыў заняцца развядзеннем коней. Пазычыў грошы, набыў жарабят у Расіі. Але зрабіў памылку: узяў да сябе на працу стрыечнага брата жонкі. Сваяк, як кажа Сарокін, пачаў сваю працу з таго, што даслаў раённаму пракурору данос. У ім ён напісаў, што ў Сарокіна ёсць валютныя рахункі за мяжой, некалькі кватэр у Мінску і дамы на ўзбярэжжы Чорнага мора.

Рыгор Сарокін: “У гэты ж час ён здзяйсняе супраць мяне махлярскія дзеянні, прычыняе мне асабліва буйную матэрыяльную шкоду без прыкмет крадзяжу. І ў гэтым жа годзе супраць мяне здзяйсняюцца яшчэ тры злачынствы. Я пішу заяву ў РАЎС Горацкага райвыканкама, але ў распачынанні крымінальных спраў паводле загаду пракурора Віктара Луцэйна было адмоўлена”.



Сарокін збанкрутаваў, прадаў усіх коней і тэхніку, але цалкам разлічыцца з крэдыторамі не здолеў. І, каб зарабіць, пачаў браць на рэалізацыю ў мясцовага насельніцтва бульбу. Аднак зноў стаў ахвяраў махляроў. У выніку — разлічыцца за бульбу не здолеў і сам прапанаваў пакрыўджаным вяскоўцам напісаць на яго заяву ў суд.

Падчас суду ізноў патрабаваў распачаць крымінальную справу на стрыечнага брата, а таксама на тых, хто яго “кінуў” з бульбай, спагнаць з іх грошы і даць яму магчымасць разлічыцца з людзьмі. Але асудзілі толькі самога спадара Сарокіна — на 4 гады. Справу ён лічыць сфабрыкаванай і нават ведае, з-за чаго і каго так пацярпеў.

Рыгор Сарокін: “Атрымалася так: калі я ўжо ўстаў на ногі з развядзеннем коней, гэты мой далёкі сваяк, выступаючы ад імя пракурора, прапанаваў мне перадаць хабар апошняму. Маўляў, у цябе будзе гарантыя таго, што цябе ніхто не кране з дзяржаўных органаў і крымінальныя групы да цябе не падыдуць. Я адказаў, што нічога супрацьзаконнага не раблю і з крыміналам не збіраюся супрацоўнічаць”.

Таму, лічыць Сарокін, яго і засудзілі. Па вяртанні з турмы ён спрабаваў дамагчыся перагляду сваёй справы, але ў выніку двойчы быў накіраваны на прымусовае псіхіятрычнае абследаванне і па другім разе трапіў у турму. Ізноў, кажа, незаконна. Але і пасля не супакоіўся: у пошуках праўды 5 разоў сустракаўся з Генпракурорам Васілевічам, па два разы — са старшынёй Вярхоўнага суда Сукалам і яго першым намеснікам Федарцовым. Дайшла чарга да Макея.

Рыгор Сарокін: “Пра гэтыя беззаконні я і дакладаў кіраўніку Адміністрацыі. Але наўзамен атрымаў адпіску. Больш за тое, у гэтай адпісцы кіраўніка Адміністрацыі ўтрымліваюцца прыкметы пагрозы. Вось пішуць: “Звяртаем вашую ўвагу на тое, што беспадстаўныя абвінавачванні службовых асоб судоў не дапушчальныя”. Гэта пагроза чарговай расправы за тое, што я дамагаюся праўды”.



Сарокін жа кажа, што мае дакументальныя пацвярджэнні таго, што яго справы былі сфабрыкаваныя, следчыя займаліся падлогам, а суддзі выносілі прысуд паводле замовы. Патрабуе ўважліва разгледзець гэтыя дакументы і пакараць яго, калі яго доказы — паклёп.



Яшчэ адна суразмоўца Еўрарадыё Ала Алудаталах расказала, што паводле ілжывага абвінавачвання ў махлярстве яе мужа-сірыйца беспадстаўна асудзілі, у турме скалечылі, а потым дэпартавалі з Беларусі на 5 гадоў.

Ала Алудаталах: “У 2001 годзе на яго завялі справу, а ў 2008 толькі асудзілі. Яго абвінавацілі згодна з артыкулам 209 часткай 4 “Махлярства”. Але мой муж гэтае злачынства не здзяйсняў — мы ў гэты час былі ў Жыровіцкім манастыры. Аднак слухаць нас ніхто не захацеў, нягледзячы на тое, што ў справе ніводнага доказу няма. І ўсе гэтыя восем гадоў нам псавалі нервы, нас абрабавалі, на мужа былі два страшныя напады — яго збівалі бейсбольнай бітай, вывозілі на катаванні ў Жодзіна, дзе траўмавалі пазваночнік”.

Як адзначае Ала, чалавека, які сцвярджаў, што яе муж пазычыў у яго 6800 долараў, яны ніколі не бачылі. А вінаватым у сваіх бедах лічаць кіраўніка сірыйскай дыяспары ў Беларусі, з якім муж Алы не пажадаў весці сумнеўны бізнес.

Дабіцца праўды жанчына таксама спрабавала і ў Генпракуратуры, і Вярхоўным судзе — але безвынікова. Пайшла да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

Ала Алудаталах: “Я была 16 жніўня на прыёме ў Макея, калі быў маніторынг. А на 30-га ў мяне быў прызначаны суд. Я прасіла Макея: “Уладзімір Уладзіміравіч, у мяне 30 жніўня суд, вельмі прашу — пракантралюйце гэта пытанне”. Ён паабяцаў, што зверне ўвагу”.

Але, кажа, суд прайшоў, як звычайна, і на аргументы жанчыны ў чарговы раз не звярнулі ўвагі.

У Людмілы Самусенкі, жыхаркі прыватнага сектара Мінска, скарга бытавая: ёй не падабаецца, як суседзі забудавалі свой участак. А тое, што ўладальніца дома па вуліцы Кальцова, прыватны прадпрымальнік, зрабіла ўсе дабудовы незаконна і яны не толькі перашкаджаюць суседзям жыць, але і ствараюць пажарную ды санітарную небяспеку, Людміла Самусенка можа пацвердзіць адпаведнымі дакументамі.



Людміла Самусенка: “Вось дакумент з Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, падпісаны Карпіцкім. Ён паведамляе, што “на месцы пабудаваных халодных складаў прадугледжвалася ўкладка тратуарнай пліткі, без узвядзення будынкаў і пабудоў. ІП “Арыён” з заявай аб ўзгадненні будаўніцтва складаў на зямельным участку ў органы дзяржаўнага пажарнага нагляду не звярталася”. Вось галоўны санітарны доктар выдаў мне, што “гэтая будоўля супярэчыць рэгламентам забудовы тэрыторыі, прадугледжаным генеральным планам”. Супрацоўнікі Міністэрства архітэктуры расследавалі гэтую справу, як сапраўдныя следчыя. Потым выдалі мне дакумент, падпісаны намеснікам міністра Нічкасавым, дзе канстатавалі, што ўсё, што тут пабудавана, з’яўляецца самавольным будаўніцтвам”.





Як сцвярджае Людміла, усе гэтыя дакументы не ўразілі мясцовых чыноўнікаў. А прадпрымальніца нават патрабавала распачаць на суседку крымінальную справу за паклёп, але ў міліцыі ёй у гэтым адмовілі. Суды і звароты да Васілевіча і Сукалы выніку не далі. Нічога не прынёс і паход да Макея.

Людміла Самусенка: “Да Макея прыйшла і ўсе гэтыя дакументы аддала. Паглядзіце, што мне адказалі: Калініну даручылі разабрацца. А як разбіраецца Калінін? Ну, дае! Ён мне піша, што там стаіць “ценявы навес”, пра склады — ні слова! Ён дакументы нават не чытаў!”



Усе суразмоўцы Еўрарадыё не толькі прасілі кіраўніка прэзідэнцкай Адміністрацыі Макея па-сапраўднаму разабрацца ў іх няшчасцях і пакараць вінаватых, але і патрабавалі прыцягнуць да адказнасці тых следчых і суддзяў, якія, на іх погляд, выносілі незаконныя рашэнні альбо не заўважалі парушэнняў. Безвынікова: усе чыноўнікі, на якіх пісалі скаргі з дакументальным абгрунтаваннем іх неправавых дзеянняў, кажа Самусенка, працуюць на сваіх месцах. Пакрыўджаныя людзі, якіх некалькі дзесяткаў, аб’ядналіся і працягнулі змаганне.

Людміла Самусенка:
“Зараз у Адміністрацыі прэзідэнта ляжаць 40 нашых заяў на Федарцова (першы намеснік старшыні Вярхоўнага судаЕўрарадыё), 60 заяў — на суддзяў першай інстанцыі і 75 — на пракурораў Генеральнай пракуратуры. Яны іх атрымалі і замоўклі, яны нам нічога не адказваюць”.

Нават на прыём да старшыні КДБ Зайцава з гэтымі скаргамі Людміла Самусенка хадзіла. Але таксама ніякага выніку з таго паходу няма.

Фота: Змітра Лукашука