Як незалежнаму палітыку арандаваць памяшканне для сустрэчы з паплечнікамі?

Як паведамлялася раней, верагодныя кандыдаты ў прэзідэнты сустракаюцца са сваімі аднадумцамі на шашлыках, у лазнях, у кватэрах і іншых таемных месцах.

Еўрарадыё вырашыла "вылучыць" у кандыдаты свайго карэспандэнта, а для гэтага арганізаваць сустрэчу "невядомага незалежнага палітыка" са сваімі аднадумцамі. І вызначыцца разам, ці "ісці" яму на прэзідэнцкія выбары.

Мэнэджара гатэля "Еўропа" мала зацікавіла асоба палітыка, які хоча арандаваць у іх залу. Апынулася, што для іх галоўнае, каб пажаданні кліента па даце правядзення мерапрыемства супадалі з іх магчымасцямі.

Мэнэджар гатэля "Еўропа": “Калі вы хочаце правесці ў выхадны дзень, то ў нас тут ёсць свабодны выхадны дзень. А вось я гляджу будні, і ў нас практычна кожны дзень ёсць броні. Але ёсць дні, калі занята не па цэлым дні. Такім чынам, у другой палове дня можна было б правесці”.

Арэнда зала ў "Еўропе" каштуе 338 тысяч 422 рублі ў гадзіну. Праўда, адміністрацыя гатэля нават пасля падпісання дамовы можа ў памяшканні адмовіць.

Мэнэджар гатэля "Еўропа": “За дзень мы, безумоўна, адмену не будзем рабіць, але за тыдзень — можам”.

Звязана гэта, паводле словаў мэнэджара, з тым, што памяшканні спатрэбяцца людзям, што пражываюць у гатэлі. Да прыкладу, калі на некалькі дзён "Еўропу" арандуе футбольная каманда. Маўляў, гасцініца мусіць аддаваць прыярытэт жыльцам. А такога, кажа, каб у адміністрацыю патэлефанавалі і параілі не супрацоўнічаць з гэтым палітыкам, не бывае.

А вось у Палацы Рэспублікі невядомаму, але амбіцыйнаму палітыку ў памяшканні адмовілі адразу. Праўда, не з-за палітычнай скіраванасці запланаванай сустрэчы, а таму, што Малая зала гэтай установы стала кінатэатрам 3D.

Адміністратар: “Цяпер ужо нашая зала як кінатэатр працуе ў асноўным. Не важна, хто звяртаецца, — у нас ёсць у гэты час кіно і мы яго ніяк не адменім. У нас ужо дамовы ўсе падпісаныя”.

Але як выйсце можна набыць усе квіткі на сеанс і правесці сустрэчу. Тады зала падчас вечаровага паказу абыдзецца кандыдату прыкладна ў 9 мільёнаў рублёў.

У канцэртнай зале “Мінск” прадстаўніка палітыка папярэдзілі, што канчатковую згоду на арэнду Малой залы дае дырэктар, які звяртае вельмі пільную ўвагу на тое, каб там апазіцыянеры не зладзілі якую-небудзь небяспечную акцыю. Таму ліст да яго з просьбай аб паданні памяшкання трэба пісаць акуратна.

Супрацоўніца КЗ “Мінск”:
“Па ідэі, памяшканне дадуць. Галоўнае, каб гэта не быў нейкі апазіцыйны мітынг ці нешта такое. Калі там няма нічога крамольнага, то вы можаце напісаць, што арандуеце для семінара якога-небудзь. Я ж не ведаю, што вы там напішыце, але ж вы не будзеце пісаць, што незалежны палітык сустракаецца са сваімі паплечнікамі, правільна? Такога ж вы ў лісце пісаць не будзеце!”

Каштуе зала на 270 месцаў 340 тысяч за гадзіну. Асвятленне і гук аплачваюцца асобна згодна з дамоўленасцю.

У Палацы культуры МАЗ прадстаўніка верагоднага прэтэндэнта ў прэзідэнты агаломшылі заявай пра тое, што на такую сустрэчу неабходна атрымаць дазвол у Мінгарвыканкаме.

Супрацоўніца ПК МАЗ: “Я мяркую, што спачатку вам неабходна атрымаць дазвол у выканкаме, а потым ужо з лістом да нас”.

Але на здзіўленае пытанне “Навошта трэба браць такі дазвол?” шчыра адказала, што не ведае. І параіла паспрабаваць вырашыць гэты аспект наўпрост з дырэктарам Палаца. Толькі папярэдзіла, што не з кожным яны могуць заключыць дамову аб арэндзе.

Супрацоўніца ПК МАЗ:
“Як мы заключым, да прыкладу, з прыватнай асобай дамову? Мы — цэх завода і заключаем дамову праз аддзел дамоваў завода. Таму трэба, каб гэта была нейкая арганізацыя”.

Альбо — каб памяшканне арандаваў індывідуальны прадпрымальнік. Каштуе арэнда залы 700 тысяч рублёў за гадзіну.