Вядзецца разбіральніцтва наконт дрыфту расіянаў на Кастрычніцкай плошчы
Праверку праводзіць служба аховы грамадскага парадку.
Праводзіцца праверка факту дрыфту расіян на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску падчас навагодніх святаў. Пра гэта паведаміў Еўрарадыё Юрый Літвін, старшыня рэспубліканскай ДАІ, падчас тэлефоннай лініі:
Літвін: "Я, шчыра кажучы, не вельмі шмат ведаю пра гэта. Я ведаю, што такі выпадак быў, і цяпер ідзе разбіральніцтва. Вынікаў разбіральніцтва я не ведаю. Але там, хутчэй за ўсё, не ДАІ. Пытанне вядзе ахова грамадскага парадку".
Нагадаем, у інтэрнэце з'явілася відэа, як аўтамабіль Chevrolet на расійскіх нумарах наварочвае кругі вакол ялінкі на плошчы побач з Палацам Рэспублікі. Маладыя людзі каментуюць на камеру свае дзеянні:
— Мы дубасім у цэнтры Мінска. Вунь цёлкі!
— А што вы робіце? — пытаецца дзяўчына.
— Ды гэта, нармальна. У нас усе так робяць у Расіі
— У нас так. Я таксама з Масквы. Але тут гэта "жэсць". Акуратней тут, зараз прыедуць з мігалкамі.