Вучэнні тэрабароны абвешчаныя ў Гомелі, Мазыры і Мінску

Вайсковыя зборы / прэс-служба Мінабароны, ілюстрацыйнае фота
Мінабароны праводзіць чарговыя навучальныя зборы з ваеннаабавязанымі, прызначанымі для камплектавання органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны і воінскіх часцей тэрытарыяльных войскаў. Яны пройдуць з 11 траўня па 2 чэрвеня ў Гомелі, Мазырскім раёне і Ленінскім раёне Мінска, паведамляе прэс-служба вайсковага ведамства.
Удакладняецца, што на зборы будуць прызваныя "службовыя асобы выканаўчых камітэтаў і адміністрацыі". Яны будуць адпрацоўваць мерапрыемствы, звязаныя з фармаваннем тэрытарыяльных войскаў і падрыхтоўкай іх да выканання задач тэрытарыяльнай абароны.
У фінале збораў плануюцца камандна-штабныя вучэнні пад кіраўніцтвам намеснікаў старшынь Гомельскага аблвыканкама і Мінгарвыканкама.
Падчас вучэнняў байцы тэрабароны будуць ахоўваць аб'екты жыццезабеспячэння, забяспечваць грамадскі парадак на вуліцах гарадоў разам з міліцыянтамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.