Воспу малпаў аб'явілі глабальнай надзвычайнай сітуацыяй

"Неабходныя меры рэагавання, скаардынаваныя на міжнародным узроўні" / AFP, Reuters
Воспу малпаў другі раз за апошнія два гады аб'явілі глабальнай надзвычайнай сітуацыяй. Сусветная арганізацыя аховы здароўя адрэагавала на ўспышку захворвання ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і распаўсюд хваробы на суседнія краіны, паведамляе "Бі-Бі-Сі".
Перадаецца ўзбуджальнік воспы пры цесным кантакце з інфікаваным. Звычайна хвароба працякае ў лёгкай форме, але ў некаторых выпадках людзі паміраюць. Сімптомы — сып, які можа захоўвацца да 4 тыдняў, болі ў цягліцах і спіне, агульная слабасць.
З пачатку 2024 года ў 13 афрыканскіх краінах было зарэгістравана каля 17 тысяч выпадкаў падазрэння на заражэнне воспай малпаў і 517 смяротных зыходаў. Гэта ў 2,5 разу больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
"Цалкам відавочна, што, каб спыніць успышку і выратаваць жыцці людзей, неабходныя меры рэагавання, скаардынаваныя на міжнародным узроўні", — заявіў кіраўнік СААЗ Тэдрас Гебрэісус.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.