Валанцёр са Жлобіна ўладкаваў у Беларусі 30 уцекачоў з Украіны
Мясцовыя калгасы гатовыя прымаць на працу ўсіх і тэрмінова пачынаюць рыхтаваць жыллё для будучых “перасяленцаў”.
Больш за сто чалавек атрымалі афіцыйную згоду на пераезд у Беларусь. Такую лічбу паведаміў амбасадар нашай краіны ва Украіне Валянцін Вялічка. Хто дапамагае ўкраінскім уцекачам уладкавацца на новым месцы, высвятляе Еўрарадыё.
У сацсетках лёгка знаходзяцца стыхійна арганізаваныя суполкі. Дзякуючы ім ахвочыя дапамагчы ўцекачам з Данбаса знаходзяць і тых, хто можа чымсьці дапамагчы, і тых, каму гэтая дапамога патрэбная. Так, да прыкладу, арганізавалася іх невялічкая валанцёрская група, расказвае мінчанка Маша.
Маша: “Мая сяброўка пабачыла ў “Аднакласніках” інфармацыю пра тое, што сям’я са Жлобіна збіраецца дапамагаць людзям, якія прыязджаюць з Украіны. І мы таксама вырашылі дапамагчы, сабраць што магчыма ў Мінску — мэблю, адзежу, посуд, цацкі…”
Сабралі і машынай адвезлі ў Жлобін, дзе іх дапамогу ўцекачам забралі мясцовыя арганізатары “базы для ўцекачоў”. Маша прызнаецца: ведае толькі, што гэтая база знаходзіцца ў вёсцы Касакоўка. Усё. Еўрарадыё бярэцца за яе пошукі.
Вёска Касакоўка знаходзіцца ў Папаратнянскім сельсавеце. А вось у самім сельсавеце нічога пра ўцекачоў з Украіны… не ведаюць.
Сельсавет: “Няма ў нас уцекачоў з Украіны! Не, па праўдзе, школа там (у вёсцы Касакоўка — Еўрарадыё) ёсць старая, закінутая — выкупіў яе індывідуальны прадпрымальнік. І валанцёры нібыта там збіраюць гуманітарную дапамогу, але людзей у нас там пакуль няма”.
Як так — валанцёры амаль месяц збіраюць дапамогу, а ніякіх уцекачоў няма?! Еўрарадыё знаходзіць уладальніка “старой закінутай школы”, куды валанцёры прывозяць сабраную дапамогу. Са слоў Алега Крапіцкага вынікае, што ўкраінцы да іх не толькі прыязджаюць — іх праз гэтую касакоўскую базу прайшло ўжо каля 30 чалавек, і ўсім дапамаглі ўладкавацца на новым месцы.
Алег Крапіцкі: “Прыехала да нас ужо 30 чалавек, практычна ўсіх ужо ўладкавалі на працу, з жыллём вызначыліся”.
Прычым, сцвярджае суразмоўца, ніякіх праблем з працаўладкаваннем украінцаў не ўзнікае. Яны нават выбіраюць варыянты — найперш каб забяспечвалі жыллём.
Алег Крапіцкі: “Узялі паперу па працаўладкаванні — хто ў нас патрэбны па якіх гаспадарках. Там тэлефоны старшынь. Мы тэлефануем, размаўляем, даведваемся, якія спецыялісты патрэбныя ім, ці патрэбныя такія, якія да нас прыехалі. Цікавімся, як у іх наконт жылля. Прывозім людзей на месца, калі ўмовы працы, жыллё іх задавальняюць, то ніякіх праблем — пачынаюць афармляць дакументы”.
Не ўзнікае, па словах Крапіцкага, пытанняў і з афармленнем дакументаў у міграцыйнай службе. Там пасля размоваў са спецыялістамі ўкраінцы самі вызначаюцца, будуць прэтэндаваць на статус уцекача ці проста атрымліваць часовую рэгістрацыю і дазвол на працу. Часцей выбіраюць апошні варыянт.
На просьбу Еўрарадыё даць кантакт хоць каго-небудзь з тых 30 украінцаў, каму яны ўжо дапамаглі, Алег Крапіцкі адказвае адмовай. Маўляў, яны самі пакуль не хочуць увагі прэсы да сябе. З розных прычынаў. Затое ўдаецца пагаварыць са старшынёй калгасу, які “адхапіў” сабе аднаго з уцекачоў. Менавіта “адхапіў”, бо людзі ў гаспадарцы патрэбныя.
Старшыня: “Я ўзяў сабе аднаго хлопца, які прыехаў, халастога. З’явяцца яшчэ людзі — буду браць сабе, але пакуль галоўная праблема ў жыллі. Я цяпер хутка арганізаваў аднаўленне аднаго дома, потым яшчэ адзін буду аднаўляць — мне людзі патрэбныя!”
Старшыня расказвае, што сярод прыезджых ён знайшоў бухгалтара і інжынера, але пакуль вырашалі пытанне з жыллём, ім прапанавалі працу з “поўным сацпакетам у выглядзе жылля” ў Светлагорску, і людзі з’ехалі. “Хай едуць, нічога страшнага няма — ім жа трэба ўладкоўвацца”, — не крыўдуе старшыня.
Дарэчы, у Жлобінскім РУУС пра тое, што ў іх раёне з’явіліся ўцекачы з Украіны, ведаюць. Па словах начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Васіля Козырава, праблем з імі няма. Праўда, прызнаецца, за імі і не сочаць — людзі прыехалі і ўладкоўваюць сабе сваё жыццё.
Фота: news.uvaga.by