Ва Узбекістане пераабралі прэзідэнта. У Шаўката Мірзіёева — 87,05% галасоў
Шаўкат Мірзіёеў / @shmirziyoyev
Шаўкат Мірзіёеў застаецца прэзідэнтам Узбекістана і зможа ўзначальваць краіну да 2037 года. Паводле звестак мясцовага ЦВК, у гэты раз за яго прагаласавалі 87,05% выбаршчыкаў, якія прыйшлі на ўчасткі. Назіраць за гэтай "элегантнай" перамогай ездзіў і кіраўнік беларускага Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка.
Гэтыя прэзідэнцкія выбары ва Узбекістане — датэрміновыя. У красавіку ў краіне прайшоў рэферэндум, у Канстытуцыю краіны былі ўнесеныя змены. Адна з паправак тычылася павелічэння прэзідэнцкага тэрміну з пяці да сямі гадоў. Пры гэтым абмежаванне ў два прэзідэнцкія тэрміны для аднаго і таго ж грамадзяніна захавалася. Але Мірзіёеў атрымаў права абнуліць папярэднія тэрміны на пасадзе кіраўніка дзяржавы. Такім чынам, калі яго перавыбяруць яшчэ раз, ён зможа заставацца ва ўладзе да 2037 года.