У Смаргоні былога палітвязня Рамуальда Улана адправілі на 7 сутак за краты
Рамуальд Улан / https://www.facebook.com/ulan.roma
У Смаргоні былога палітвязня Рамуальда Улана адправілі на 7 сутак за краты, паведамляе прэс-служба БАЖ. У чым яго прызналі вінаватым на гэты раз, пакуль невядома. Адміністрацыйную справу дзяжурны суддзя разглядаў у святочны дзень — 3 ліпеня.
Улан — прадпрымальнік, былы ўладальнік і рэдактар недзяржаўнай "Новай газеты Смаргоні" (1996-2005). У пачатку 2021-га ён быў асуджаны на 2,5 года "хіміі" за "паклёп" у дачыненні міліцыянераў, якія выступалі сведкамі на судах. Праваабаронцы прызналі Рамуальда Улана палітвязнем. На волю ён выйшаў на амністыі ў траўні 2023-га. Пасля гэтага яго ўжо неаднаразова затрымлівалі. Ён адбыў трое сутак арышту за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў".
Пра чарговае затрыманне стала вядома 30 чэрвеня. Суда Улан чакаў за кратамі.