У Слуцку злавілі выкрадальнікаў дэкаратыўнага Санта Клаўса

У Слуцку злавілі выкрадальнікаў дэкаратыўнага Санта Клаўса

У Слуцку злавілі дваіх выкрадальнікаў дэкаратыўнага Санта Клаўса. Інцыдэнт са знікненнем ілюмінаванай скульптуры, якая стаяла ў цэнтры горада, здарылася 8 студзеня: Санту паставілі перад Новым годам, а пасля праваслаўных Калядаў ён знік. Гэтае здарэнне выклікала вялікі грамадскі розгалас: случчанам настолькі спадабалася гуляць і фатаграфавацца каля скульптуры, што пасля яе знікнення інтэрнэт літаральна бурліў ад абурэння.

Як паведамляе прэс-служба Мінскай абласной міліцыі, “на раскрыццё злачынства быў мабілізаваны практычна ўвесь асабісты склад крымінальнага вышуку Слуцкага РАУС”. Дэтэктывы выкарыстоўвалі нават нестандартныя і інавацыйныя методыкі, але ўрэшце рэшт знайшлі злодзеяў-вандалаў. Гэта былі 26-гадовы жыхар Слуцка і 30-гадовы жыхар Слуцкага раёна. Хлопцы спачатку хацелі прадаць скульптуру, але спужаліся грамадскага рэзанансу. Больш за тое, падчас пагрузкі Санта Клаўса ў машыну ў яго адламалася рука і ён набыў нетаварны выгляд. На наступны дзень яны разрэзалі фігуру на часткі, схавалі ў мяхі і вывезлі на машыне на звалку ў Мінск.

Злодзеяў затрымалі, з імі праводзяць следчыя дзеянні. Шкода, нанесеная слуцкім камунальным службам, ацэньваецца ў 19,2 мільёна рублёў. У паведамленні міліцыі таксама адзначаецца, што “абодва маладых чалавекі з добранадзейных сем’яў, іх бацькі ўжо заявілі пра гатоўнасць кампенсаваць шкоду”.