У расійскім Белгарадзе ў выніку атакі беспілотнікаў загінулі людзі
Разбураны дом у Белгарадзе / @vvgladkov
Тры чалавекі загінулі ў расійскім Белгарадзе ў выніку падзення беспілотніка на жылыя дамы. Пра гэта паведаміў губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў. Паводле яго слоў, быў выбух, у выніку якога "было фактычна знішчана два жылыя дамы і пашкоджана некалькі жылых дамоў і аўтамабіляў". Сярод загінулых ёсць дзіця. Яшчэ два чалавекі, па словах Гладкова, знаходзяцца ў вельмі цяжкім стане ў рэанімацыі.
Пацярпелыя ёсць і ў Адэскай вобласці, якую амаль штодня атакуе Расія. Мінулай ноччу над вобласцю знішчылі 10 беспілотнікаў. У Ізмаільскім раёне пашкоджана прыпартовая інфраструктура і жылыя дамы. Былі пажары, распавёў кіраўнік Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Кіпер. Паводле яго слоў, у выніку абстрэлу пацярпела сталая жанчына (1935 года нараджэння). У яе тэрмічныя апёкі, цяпер яна знаходзіцца ў бальніцы.
Усяго ж мінулай ноччу расіяне запусцілі па Украіне 33 ударныя беспілотнікі. Украінская супрацьпаветраная абарона збіла 28. Вайну, нагадаем, пачала Расія. 24 лютага 2022 года яна напала на Украіну.