У прэзідэнты збіраецца вылучацца яшчэ адзін кандыдат – Сяргей Рыжоў
Начальнік сектара Віцебскага садавіна-агародніннага камбіната не ўваходзіць у партыі і не з'яўляецца прыхільнікам якога-небудзь з рухаў. Ініцыятыўная група толь
Пакуль некаторыя прафесійныя палітыкі вырашаюць складанае пытанне свайго
ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах, пра свае прэзідэнцкія амбіцыі заяўляюць
нікому не вядомыя асобы. Аб стварэнні ініцыятыўнай групы па вылучэнню
яго кандыдатам у прэзідэнты расказаў Еўрарадыё 46-гадовы жыхар Віцебска Сяргей Рыжоў.
Сяргей Рыжоў: “Я
толькі зараз праз вас афіцыйна абвяшчаю пра пачатак фармавання
ініцыятыўнай групы па збору подпісаў за кандыдата ў прэзідэнты
Рэспублікі Беларусь Рыжова Сяргея Ўладзіміравіча”.
Сяргей Рыжоў
працуе начальнікам сектара знешнеэканамічнай дзейнасці Віцебскага
садавіна-агародніннага камбіната. На ім вырабляюць харчаванне для
дзяцей, кормячых і цяжарных жанчын. Некалькі
тыдняў таму Еўрарадыё расказвала пра тое, як у пачатку жніўня іерэй
Андрэй Смольскі з блаславення архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага
Дзмітрыя асвяціў абсталяванне і прадукцыю камбіната. Ініцыятарам гэтага стаў менавіта Сяргей Рыжоў. Вось толькі мясцовыя крамы адмовіліся браць на рэалізацыю асвечаную прадукцыю.
Па
дапамогу з вырашэннем сітуацыі начальнікам сектара знешнеэканамічнай
дзейнасці звярнуўся да Еўрарадыё. Але ўвага СМІ да камбіната не
спадабалася яго кіраўніцтву і зараз, кажа Сяргей, яму ўжо два разы
прапанавалі напісаць заяву “па ўласным жаданні”. У адваротным выпадку
абяцаюць не працягнуць кантракт на падставе “службовай неадпаведнасці”.
Праўда, са сваімі прэзідэнцкімі амбіцыямі непрыемнасці на працы ён не
звязвае.
Сяргей Рыжоў: “Афіцыйна аб сваіх намерах я
кіраўніцтву не даводзіў, але жаданне змяніць эканамічныя складнікі,
палепшыць жыццё шараговых грамадзян, павысіць міжнародную прывабнасць
рэспублікі – гэтыя ідэі ў маёй галаве віравалі даўно”.
Нягледзячы на даўняе жаданне нешта змяніць, Сяргей Рыжоў
ніяк да гэтага часу не праяўляў сваёй палітычнай і грамадзянскай
актыўнасці. Ні ў адной з партый ён не лічыцца, сябрам нейкага руху не
з’яўляецца. Карацей, нічога за ім і ў яго пакуль няма. Нават праграмы і
лозунга кампаніі.
Сяргей Рыжоў: “Я не з’яўляюся сябрам
якой-небудзь зарэгістраванай партыі і не разглядаю сябе ў якасці
прыхільніка нейкага з рухаў, якія ў нас ёсць. Ніякіх структур у мяне
няма і прапаноў аб дадатковым фінансаванні яшчэ не паступала.
Ініцыятыўная група толькі фармуецца і праграма, з якой я хацеў бы
звярнуцца да беларускага народа, зараз дапрацоўваецца. Лозунг, як і
праграма, будзе выпрацаваны ў бліжэйшы час”.
Хто ўвойдзе ў
яго ініцыятыўную групу, Рыжоў не ўдакладніў. Сказаў толькі, што гэта
будзе і моладзь, і пенсіянеры. Пра колькасць яе таксама пакуль казаць
зарана. Але ўжо кажа, што падчас кампаніі будзе спрабаваць наладзіць
кантакты з іншымі кандыдатамі. Праўда, не з усімі, а толькі з “блізкімі
да яго бачання сітуацыі”.
Бачанне ж Рыжовым сітуацыі арыгінальнасцю не адрозніваецца. Калі толькі нешматлікасцю пералічаных пунктаў.
Сяргей Рыжоў: “Беларусь
і Расія – гэта славянская тэрыторыя. Гэта адна група народнасцяў. Гэта
адна рэлігійная тэрыторыя. Да таго ж, у мяне шмат якія моманты нашага
жыцця выклікаюць боль. У першую чаргу – гэта спаіванне нацыі. Гэта – у
пэўным сэнсе яе свядомая дэградацыя”.
Новы кандыдат
пазіцыянуе сябе як веруючага чалавека, праваслаўнага. Між тым, ён не
хоча працаваць сумесна з, да прыкладу, Беларускай хрысціянскай
дэмакратыяй. І ўвогуле не хоча сябе называць апазіцыянерам. Кажа, кожная
ўлада ад Бога. А вось новая ўлада – ад людзей. Што тычыцца сваёй
неабазнанасці ў палітычнай кухні, то, кажа, да яго ўжо звярнуліся
палітолагі і палітдарадцы з прапановай увайсці ў яго каманду і дапамагчы
правесці кампанію. Праўда, імёны іх не назваў.
Нягледзячы ні на што, рэгістраваць сваю ініцыятыўную групу Рыжоў плануе ў самыя бліжэйшыя дні.