У Першамайскім РУУС Мінска вучацца абараняцца ад “зялёных чалавечкаў”? Фота

Пакуль у Мінску святкавалі так званы Дзень яднання Беларусі і Расіі, у Першамайскім РУУС сталіцы вучыліся абараняцца ад патэнцыйных нападнікаў.

Прыкладна год таму сепаратысты на Усходзе Украіны пры падтрымцы “зялёных чалавекаў” (спецназаўцаў з Расіі) пачалі захоп тэрыторый менавіта са штурмаў міліцэйскіх аддзелаў. Відаць, у Беларусі з тых падзей зрабілі належныя высновы. 

Мінчукі, якім прызначылі 2 красавіка з’явіцца ў Дзяржаўтаінспекцыю Першамайскага раёна на разбор парушэнняў, трапіць у памяшканне РУУС не змаглі. Ля ўваходных брамаў іх разварочвалі назад байцы ўнутраных войскаў, з пісталетамі, гумовымі дручкамі, у шлемах і бронекамізэльках.   

—А колькі гэта будзе цягнуцца? — цікавімся ў байцоў.

—Сказаць шчыра, мы не ведаем. Можа быць, гадзіну, можа, паўтары.

Байцы даюць зразумець, што яшчэ раніцай не ведалі пра гэтыя вучэнні.

—Упершыню з такім сутыкаемся. Што адбываецца?

—Адпрацоўваецца план абароны аддзела.

Супрацоўнікі РУУС, якія ўваходзілі на тэрыторыю пры прад’яўленні службовага пасведчання, лішні раз нагадвалі экіпіраваным байцам, каб нікога не пускалі на тэрыторыю.