У МУС Беларусі заявілі пра затрыманне ў нядзелю 713 чалавек

У МУС Беларусі заявілі пра затрыманне "за парушэнне заканадаўства пра масавыя мерапрыемствы" ў нядзелю 713 чалавек (у праваабаронцаў былі звесткі больш чым пра 600 затрыманых). 570 з іх пакінулі за кратамі для разгляду спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Сцвярджаецца, што ў 25 акцыях пратэсту па ўсёй краіне паўдзельнічала 11 тысяч чалавек (хаця толькі ў Мінску колькасць пратэстоўцаў ацэньвалася СМІ ў дзясяткі тысяч чалавек). Па версіі міліцыі, у абласных цэнтрах збіралася ад 30 да 150 чалавек.
У МУС прызнаюць выкарыстанне "для стрымлівання напору мітынгоўцаў і прадухілення нападу на міліцыянтаў" спецсродкаў і спецтэхнікі. Сцвярджаецца, што зафіксаваныя "шматлікія факты сутыкненняў з праваахоўнымі органамі" ("нават у выпадках, не звязаных з затрыманнямі"), пратэстоўцы выкарыстоўвалі падрыхтаваныя "біты, камяні, а таксама прыстасаванні асляпляльнага ўздзеяння". А ў раёне стэлы "Мінск-герой" сілавікі сустрэлі "актыўнае супрацьстаянне асобнай групы жанчын". Таксама згадваюцца блакіроўка транспарту ў сталіцы і барыкады, узведзеныя ў некалькіх кропках увечары.
У МУС адзначаюць змяншэнне колькасці ўдзельнікаў пратэстаў і павышэнне іх агрэсіўнасці. Сцвярджаецца, што радыкаламі былі найперш анархісты і ўльтрас.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.