У Мінску бухгалтарка прадавала дзіцячыя пуцёўкі, а грошы пакідала сабе
У Мінску бухгалтарка аднаго з прадпрыемстваў прадавала дзіцячыя пуцёўкі ў аздараўленчы лагер (падшэфны прадпрыемству), а грошы пакідала сабе. Праверка выявіла, што летам 2015 года туды прыязджала на 20 дзяцей больш, чым было адлюстравана ў дадзеных бухгалтарскага ўліку. Больш за 55 мільёнаў рублёў 38-гадовая мінчанка ў касу прадпрыемства не здала.
Як адзначае Леанід Ушэнін, прэс-афіцэр Кастрычніцкага РУУС, крымінальную справу распачалі па артыкуле "Прысваенне або растрата" (ч. 3 арт. 211 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь). Жанчыне пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады.
Праваахоўнікі рэкамендуюць кіраўнікам прадпрыемстваў, арганізацый праводзіць "пісьменную кадравую палітыку па падборы персаналу, якому будуць давераны таварна-матэрыяльныя каштоўнасці", кадравую ратацыю. Таксама важна рэгулярна праводзіць рэвізіі і інвентарызацыі, каб яшчэ на ранняй стадыі выявіць існуючыя нястачы таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў.