У Луганску заявілі, што ўкраінская лётчыца Саўчанка ўцякла з палону
Пра гэта заявіў кіраўнік самаабвешчанай "Луганскай народнай рэспублікі" Валерый Болатаў.
Паводле яго слоў, лётчыца Надзея Саўчанка была захопленая "апалчэнцамі" ў палон як наводчыца падчас боя з батальёнам "Айдар". Праз нейкі час ёй удалося ўцячы з палону падчас авіяналёту. Нібыта ніхто не звярнуў увагі на жанчыну і яна спрабавала перайсці мяжу з Расіяй, дзе была затрыманая, сцвярджае Болатаў. Ягоныя тлумачэнні можна расцэньваць як спробу расійскага боку патлумачыць, якім чынам украінская грамадзянка, якая была ў палоне тэрарыстаў, апынулася ў расійскім СІЗА. Улады Расіі адмаўляюць, што арганізавалі вываз Надзеі Саўчанкі з Украіны, сцвярджаюць, што яна сама перайшла мяжу і была затрыманая.
Цяпер ваенная лётчыца, у статусе абвінавачанай у пасобніцтве ў забойстве расійскіх журналістаў у чэрвені пад Луганскам, знаходзіцца ў следчым ізалятары ў расійскім горадзе Варонеж. Украінскія ўлады робяць усё магчымае для яе вызвалення і падключаюць міжнародныя структуры.