У Брэсце незалежнага журналіста выклікалі ў пракуратуру

Карэспандэнт наведаў пракуратуру горада Брэста 21 сакавіка. Позву туды ён атрымаў напярэдадні.



Са словаў журналіста, на яго склалі пратакол апытання, аднак ён адмовіўся яго падпісваць. У каментары Еўрарадыё Яўген Скрабец паведаміў, што гутарыла з ім намеснік пракурора Паўлава.



Скрабец: "Яна задала два пытанні: ці маю я, як карэспандэнт "Радыё Рацыя", акрэдытацыю на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь? І другое пытанне: ці публікаваў я матэрыялы, якія дыскрэдытуюць знешнюю і ўнутраную палітыку Рэспублікі Беларусь? На што я адказаў: на падставе 27-га артыкулу Канстытуцыі я адмаўляюся даваць супраць сабе якія-небудзь сведчанні".



Яўген Скрабец папрасіў атрымаць копію пратакола, але намеснік пракурора адказала, што не можа гэтага зрабіць, бо дакумент з'яўляецца ўнутраным. Яна выйшла з кабінету для нейкай кансультацыі, а па вяртанні паведаміла, што малады чалавек можа быць вольным.



Незалежны журналіст дадае, што высветліць, якія яго артыкулы сталі падставай для выкліку, не атрымалася. Каб даведацца аб гэтым, ён разам з праваабаронцамі плануе знайсці працэсуальны спосаб афіцыйнага звароту ў пракуратуру.