У Беларусі запланавалі пасадку трох тысяч гектараў садоў

Прэм'ер Раман Галоўчанка і яблыкі / sb.by
У Беларусі запланавалі пасадку трох тысяч гектараў садоў. Праект мусіць быць рэалізаваны на працягу трох гадоў. Пра гэта "Сельскай газеце" расказаў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун. Ён нагадаў, што пасля наведвання ў 2024 годзе фермерскай гаспадаркі ў Маладзечанскім раёне Аляксандр Лукашэнка даручыў забяспечыць унутраны рынак сваімі яблыкамі да новага ўраджаю. Пасля гэтага і быў распрацаваны "комплекс мер па рашэнні праблемы".
Летась у сельгасарганізацыях і фермерскіх гаспадарках нашай краіны сабралі 193 тысячы тон яблыкаў (з улікам насельніцтва — 714 тысяч тон). Для таго, каб круглы год забяспечваць Беларусь "таварнымі яблыкамі", гандлю патрабуецца 56 тысяч тон. Намеснік міністра патлумачыў, чаму беларускіх яблыкаў не хапае з сярэдзіны вясны да канца лета.
"У нас недастаткова гатункаў, якія могуць захоўвацца да новага ўраджаю, — кажа Гракун. — Вось чаму комплекс мер, пра які сказана вышэй, прадугледжвае закладку садоў на кропельным паліве з познімі, "лежкімі" гатункамі. Таксама будуць узведзены дадатковыя сховішчы з газавым асяроддзем, што дасць магчымасць забяспечыць высокую захаванасць яблыкаў вясной і летам".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.