У Беларусі яшчэ 15 чалавек прызнаныя палітвязнямі
Колькасць палітвязняў расце / Еўрарадыё
У Беларусі яшчэ 15 чалавек прызнаныя палітвязнямі. Гэта — Станіслаў Шапель, Дзмітрый Пазнякоў, Антон Шарупа, Віталь Саўко, Барыс Грынкевіч, Андрэй Мірэйчык, Андрэй Грыгор'еў, Вікторыя Волчак, Ганна Савачкіна, Таццяна Русак, Уладзіслаў Наважанцаў, Дзяніс Сакалоў, Вілен Тургуноў, Дзмітрый Асіюк і Яўген Пугач. Праваабаронцы лічаць іх справы палітычна матываванымі і патрабуюць вызвалення.
Шапель і Пазнякоў асуджаныя закрытым судом "па справакаваным і надуманым абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе" да пазбаўлення волі, Шарупа і Саўко — па абвінавачванні ў распальванні "іншай сацыяльнай варожасці" за крытычныя выказванні ў інтэрнэце, Грынкевіч — па абвінавачванні ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх", "абразе прадстаўніка ўлады", "абразе Лукашэнкі" і г. д., Мірэйчык — па абвінавачванні ў "закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь", "абразе Лукашэнкі" і г. д., фігуранты справы "падрыхтоўкі тэракту ў Дзень Перамогі" Грыгор'ева, Волчак, Савачкіну — па абвінавачванні ў "незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў", "стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім", "здрадзе дзяржаве", "акце тэрарызму" і г. д., Русак — па абвінавачванні ў "здрадзе дзяржаве", Наважанцава — па абвінавачванні ў "абразе прадстаўніка ўлады", "абразе Лукашэнкі", "распальванні варожасці або варажнечы" за выказванні ў інтэрнэце, Сакалова — па абвінавачванні ў "акце тэрарызму" — датычнасці да атакі на расійскі ваенны самалёт на ваенным аэрадроме Мачулішчы пад Мінскам. Тургуноў, Асіюк і Пугач утрымліваюцца пад вартай.
Агульная колькасць палітвязняў у РБ зноў набліжаецца да 1400 чалавек (гэта толькі тыя, хто прызнаны праваабаронцамі). Тым часам вядома, што на волю выйшлі 22 палітвязні. Сярод іх 13 жанчын.