Сталі вядомыя прысуды фігурантам справы "падрыхтоўкі тэракту ў Дзень Перамогі"
Вікторыя Волчак, Валерый Водзін, Ганна Савачкіна, Таццяна Русак (маці Савачкінай) і Андрэй Грыгор'еў / t.me/viasna96/
Сталі вядомыя прысуды ўсім фігурантам справы "падрыхтоўкі тэракту ў Дзень Перамогі". Ім прызначылі пазбаўленне волі на тэрмін ад 7 гадоў да 7 гадоў і 6 месяцаў. Генпракуратура РБ не называе прозвішчы.
Напярэдадні стала вядома, што 25-гадоваму Валерыю Водзіну, які жыве ва Украіне, завочна прысудзілі 20 гадоў калоніі, а таксама штраф 24 тысячы рублёў. Разам з ім судзілі Андрэя Грыгор'ева, 30-гадовую Вікторыю Волчак, 25-гадовую Ганну Савачкіну і яе маці Таццяну Русак. Іх вінавацілі ў "здрадзе дзяржаве". Па версіі следства, яны аказалі дапамогу Водзіну. Яго ж прызналі вінаватым па шматлікіх артыкулах КК: "уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання", "удзел ва ўзброеным фармаванні", "падрыхтоўцы да здзяйснення актаў тэрарызму групай асоб" і г. д.
Дзяржпрапагандысты раней сцвярджалі, быццам Валерый Водзін па заданні ўкраінскай разведкі даслаў праз Італію выбухоўку ў настольных электраплітах. Яна нібыта прызначалася для арганізацыі тэрактаў. Паведамлялася, што маладыя людзі пра гэта не ведалі. Нельга выключаць, што ўся справа ад пачатку да канца была правакацыяй спецслужбаў РБ.