У Беларусі выдалі больш за 27 тысяч генетычных пашпартоў здароўя

Генетычныя пашпарты / БЕЛТА
У Беларусі выдалі больш за 27 тысяч генетычных пашпартоў здароўя (выдача пачалася ў 2010 годзе). Яны з'яўляюцца "неабходным складнікам так званай персаналізаванай медыцыны, якая заснавана на індывідуальных асаблівасцях кожнага пацыента". Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў намеснік дырэктара па навуковай дзейнасці Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Павел Марозік. Паводле яго слоў, айчынныя навукоўцы правялі "больш за 400 тысяч розных генетычных аналізаў". Сумесна з медыкамі былі распрацаваны методыкі выяўлення генетычнай схільнасці да больш чым 20 розных захворванняў чалавека. Разам з РНПЦ "Кардыялогія" вывучаліся генетычныя прычыны спадчынных формаў сардэчна-сасудзістых паталогій. І быў устаноўлены "пералік, спектр мутацый, якія характэрныя для беларускіх пацыентаў з гэтай паталогіяй".
Прадстаўнік НАН падкрэслівае, што ўсе даследаванні праводзяцца беларускімі навукоўцамі самастойна, за мяжу біялагічны матэрыял не перадаецца, гарантуецца "захаванасць, канфідэнцыяльнасць персанальных даных".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.