У Беларусь везлі 5 тон шын для "Боінгаў"

Самалёт "Боінг" / Boeing
Пяць тон шын для грамадзянскіх самалётаў "Боінг", якія перамяшчаліся транзітам праз Беларусь і Расію, не прапусціла польская мытня.
Тавар быў выяўлены падчас праверкі грузавіка ў прапускным пункце ў Карошчыне (з беларускага боку — Казловічы). У дакументах адзначалася, што гэта покрыўкі для легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў, перадае Reuters. Адпраўніком шынаў была пазначаная кампанія з Іспаніі, атрымальнікам — фірма з Азербайджана.
Шыны не прапусцілі праз польска-беларускую мяжу, бо такія пастаўкі забароненыя санкцыямі Еўрапейскага саюза.
У 2022 годзе, калі афіцыйны Мінск падтрымаў расійскую агрэсію супраць Украіны, Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі, забараніўшы пастаўку прадукцыі авіясферы і ліцэнзавання пэўных самалётаў і запчастак для "Белавія".
Еўрасаюз у лютым 2022-га ўвёў санкцыі супраць Расіі, забараніўшы продаж самалётаў, запчастак і абсталявання расійскім авіякампаніям. Кампаніі Airbus і Boeing адмовіліся ад паставак самалётаў у Расію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.