У баях на Данеччыне ва ўкраінскі палон трапіў яшчэ адзін беларус

Вайскоўцы РФ, ілюстрацыйнае фота

Вайскоўцы РФ, ілюстрацыйнае фота / ria.ru

Ва ўкраінскі палон трапіў яшчэ адзін грамадзянін Беларусі, які ваяваў на баку расійскіх акупантаў. Гэта адбылося падчас баёў каля паселішча Пятроўка Данецкай вобласці на пакроўскім кірунку.

У дзяржаўным украінскім праекце "Хачу жыць" журналістам Радыё Свабода ўдакладнілі, што ў траўні ў палон трапіў Сяргей Кузьменка. Да падпісання кантракту з расійскім войскам ён жыў у горадзе Яраслаўлі, але мае беларускі пашпарт. Ваяваў стралком у другім батальёне 102 мотастралковага палка 150-й дывізіі. Пасля баёў пад Марыупалем гэтую дывізію давялося фактычна цалкам аднаўляць.

Паведамляецца, што Кузьменка нарадзіўся 22 ліпеня 1971 года, служыў у званні шараговага. У Беларусі жыве ягоная 81-гадовая маці Лідзія Кузьменка.

Цяпер ва ўкраінскім палоне знаходзяцца восем нашых суайчыннікаў. Падчас найбольшага за апошні час абмену Украіна перадала Расіі трох палонных беларусаў — Дзмітрыя Ананчыка з Мінска, Аляксея Чарнышова і Сяргея Мірончыка. Паводле заяваў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, расійскі бок адмаўляецца мяняць беларусаў, якія ваявалі на ўкраінскім баку і трапілі ў палон.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.