У Адэсе затрымалі беларуса за падрыхтоўку тэракту
Служба бяспекі Украіны ў выніку комплексу аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў папярэдзіла тэрарыстычны акт у Адэсе.
Як паведамляе УНІАН са спасылкай на прэс-цэнтр СБУ, зламыснікі планавалі 18 траўня а 14-й падарваць аўтамабіль на Куліковым полі, у месцы збору больш як паўтары тасячы чалавек.
Праваахоўнікі затрымалі трох супрацоўнікаў прыватнай ахоўнай структуры , якія вялі схаванае візуальнае назіранне за Куліковым полем. Таксама затрыманы грамадзянін Беларусі Шабалін — актывіст радыкальнай прарасійскай структуры.
Падчас допыту Шабалін прызнаўся ва ўдзеле ў масавых беспарадках 2 траўня ў Адэсе і пацвердзіў асабістае знаёмства з Будзько, вядомым як "Боцман". Гэтага чалавека ва Украіне абвясцілі ў вышук за ўдзел і ўжыванне агнястрэльнай зброі 2 траўня падчас масавых беспарадкаў у Адэсе.
Следства сцвярджае, што Шабалін за адпаведнае фінансавае ўзнагароджанне, атрыманае ад лідэраў прарасійскіх сілаў, хацеў стварыць групу наймітаў для правакацый ў Луганскай вобласці. Ён павінен быў сарваць выбары прэзіджнта Украіны ў рэгіёне. Праз пасярэднікаў ён устанавіў кантакт і падтрымліваў сувязь з сепаратыстамі не толькі для выезду ў Луганск, але і для знаходжання іх прадстаўнікоў у Адэсе для дэстабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне.
Фота — УНІАН