“Трэба заахвоціць грамадзян здымаць усё на мабільнікі ці простыя камеры!”
Генеральны сакратар Міжнароднай федэрацыі журналістаў Эйдан Уайт называе апошнія 20 гадоў згубленымі для незалежнай журналістыкі ў Беларусі.
Генеральны сакратар Міжнароднай федэрацыі журналістаў Эйдан Уайт называе апошнія 20 гадоў згубленымі для незалежнай журналістыкі ў Беларусі і заклікае звычайных людзей дапамагаць прэсе і абараняць свабоду слова.
Згубленымі для свабоды слова і развіцця незалежнай журналістыкі ў Беларусі, Расіі, а апошнім часам і ва Украіне назваў апошнія дваццаць год генеральны сакратар Міжнароднай федэрацыі журналістаў Эйдан Уайт. І вінаватыя ў гэтым, паводле яго словаў, улады, адсутнасць палітычнай волі і палітычная карупцыя. Пра гэта ён заявіў падчас міжнароднай канферэнцыі “Абарона будучыні журналістыкі ва Усходняй Еўропе”, якая пачалася 8 снежня ў Маскве.
Эйдан Уайт: “Мы згубілі два дзесяцігоддзі, цягам якіх дэмакратыя не замацавалася ў гэтым рэгіёне. Мы бачым карумпаваныя дзяржаўныя структуры, законы, якія абмяжоўваюць свабоду слова. І мы бачым, што ўрады, уладныя структуры дзейнічаюць такім чынам, каб узмацніць палітычны кантроль над СМІ, каб не было месца насамрэч незалежнай журналістыцы”.
Эйдан Уайт: “Мы згубілі два дзесяцігоддзі, цягам якіх дэмакратыя не замацавалася ў гэтым рэгіёне. Мы бачым карумпаваныя дзяржаўныя структуры, законы, якія абмяжоўваюць свабоду слова. І мы бачым, што ўрады, уладныя структуры дзейнічаюць такім чынам, каб узмацніць палітычны кантроль над СМІ, каб не было месца насамрэч незалежнай журналістыцы”.

На канферэнцыю прыехалі журналісты, выдаўцы і прадстаўнікі журналісцкіх арганізацый з Расіі, Беларусі, Украіны, Грузіі, Арменіі і Азербайджана. З тым, што незалежная журналістыка ў гэтых краінах перажывае не лепшыя часы па віне менавіта ўладаў, пагадзіўся і былы журналіст і выдавец, а зараз намеснік мэра Масквы па пытаннях СМІ і міжнародным супрацоўніцтве Аляксандр Гарбенка.
Аляксандр Гарбенка: “Калі кажуць, што галоўнай базай для свабоды слова найперш служыць эканамічная незалежнасць, я з гэтым не згодны. Я лічу, што базай для абсалютнай свабоды слова і свабоды прэсы з’яўляецца рэальная палітычная канкурэнцыя. Не фармальная, не дэклараваная — а рэальная палітычная канкурэнцыя. Толькі тады можна казаць, што прэса будзе свабоднай, не будзе, як зараз модна казаць, а-ля заказной цалкам. Гэта будзе тая прэса, да якой ставяцца з павагай”.

Як гэта ні дзіўна, і старшыня Міжнароднай федэрацыі журналістаў, і чыноўнік маскоўскай адміністрацыі выйсце бачаць у дапамозе незалежнай журналістыцы з боку грамадзянскай супольнасці. Эйдан Уайт лічыць, што трэба простым людзям стаць у абарону незалежнай журналістыкі, свабоды слова — і ўсё атрымаецца. Аляксандр Гарбенка заклікае гэтую самую грамадзянскую супольнасць актыўней уключацца ў палітычнае жыццё і спрыяць развіццю “палітычнай канкурэнцыі”. А значыць, як выснова, і ўмацаванню свабоды слова.
“Грамадзянскі кантроль за дзеяннямі дзяржавы і чыноўнікаў дзякуючы інтэрнэту і іншым сучасным сродкам робіцца ўсё больш шырокім і дзейсным. Трэба заахвоціць нашых грамадзян здымаць усё на мабільныя тэлефоны ці простыя камеры, — заклікала старшыня Маскоўскай Хельсінскай групы Людміла Аляксеева. — Вось калі такі грамадзянскі кантроль стане ў нашай краіне паўсюдным, штодзённым і масавым, тады мы зможам сказаць: “У нас існуе моцная і спелая грамадзянская супольнасць, з якой вымушаная лічыцца дзяржаўная ўлада, кожны яе прадстаўнік: пачынаючы са спадарыні ў пашпартным стале і завяршаючы прэзідэнтам”.

І выказала спадзяванне, што такая прасунутая і адказная грамадзянская супольнасць здолее вырасці ў нашых краінах цягам бліжэйшых гадоў.
На заканчэнне першага дня канферэнцыі журналісты, прадстаўнікі журналісцкіх арганізацый, юрысты ў сферы СМІ і праваабаронцы дамовіліся аб’яднаць намаганні і сумесна адстойваць права на свабоду слова і СМІ. Незалежна ад таго, у якой краіне з гэтым ёсць праблемы.
