Трамп зноў прыгразіў краінам БРІКС 100%-мі пошлінамі

Няма ніводнага шансу, што БРІКС зможа замяніць долар, упэўнены прэзідэнт ЗША

Няма ніводнага шансу, што БРІКС зможа замяніць долар, упэўнены прэзідэнт ЗША / Reuters

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зноў прыгразіў краінам БРІКС 100%-мі пошлінамі (папярэдняя заява прагучала летась). Ён патрабуе ад іх не шукаць замены “магутнага амерыканскага долара”.

“Мы запатрабуем ад гэтых, на першы погляд, варожых краін абавязацельства, што яны ніколі не створаць новую валюту БРІКС і не падтрымаюць іншую валюту для замены магутнага амерыканскага долара ЗША, — піша Трамп. — У адваротным выпадку іх чакаюць 100%-ныя тарыфы, і яны могуць развітацца з магчымасцю прадаваць сваю прадукцыю на цудоўным амерыканскім рынку. Няхай шукаюць іншую краіну-лоха”.

Дональд Трамп дадаў, што няма ніводнага шансу, што БРІКС зможа замяніць долар. “Любая краіна, якія паспрабуе гэта зрабіць, павінна сказаць "прывітанне" пошлінам і "пакуль" — Амерыцы!”, — падкрэсліў амерыканскі прэзідэнт.

БРІКС — скарачэнне ад "Brazil, Russia, India, China, South Africa". На пачатак 2024 года ў арганізацыю ўваходзілі Бразілія, Егіпет, Індыя, Іран, Кітай, ААЭ, Расія, Эфіопія і ПАР. Беларусь стала "краінай-партнёрам" БРІКС у 2024-м. Рэжым Лукашэнкі даўно спрабуе прасоўваць ідэю адмовы ад долара не толькі ў БРІКС, але і ў ЕАЭС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.