Трамп накіруе Украіне ваенную дапамогу, выкарыстоўваючы свае паўнамоцтвы

Дональд Трамп / Reuters
Упершыню пасля свайго прыходу да ўлады Дональд Трамп накіруе Украіне зброю на 300 млн долараў, выкарыстоўваючы надзвычайныя прэзідэнцкія паўнамоцтвы. Пра гэта піша інфармагенцтва Reuters са спасылкай на дзве абазнаныя крыніцы.
Гэта дапамога ў рамках Presidential Drawdown Authority, што дазваляе прэзідэнту Штатаў прымаць рашэнні без ухвалення Кангрэса. Дагэтуль Украіна атрымлівала дапамогу, ухваленую яшчэ пры адміністрацыі Джо Байдэна.
Паводле суразмоўцаў агенцтва, у новы пакет дапамогі ўвойдуць у тым ліку ракеты для комплексаў СПА Patriot і ракеты сярэдняй далёкасці. Аднак канчатковае рашэнне пра склад гэтага пакета дапамогі яшчэ не прынятае.
Раней Трамп пацвердзіў, што разглядае магчымасць перадачы Украіне комплексу СПА Patriot.
Дарэчы, у інтэрвію тэлеканалу NBC Трамп анансаваў, што ў панядзелак зробіць "важную заяву аб Расіі". Ён зноў раскрытыкаваў Пуціна за масіраваныя ўдары па Украіне. Таксама прэзідэнт ЗША заявіў, што чакае, калі Кангрэс ухваліць законапраект аб санкцыях супраць краін, якія купляюць расійскія энергарэсурсы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.