Сёлета абавязковага размеркавання выпускнікоў-платнікаў не будзе
Выпускнікі, ілюстрацыйнае фота
Абавязковага размеркавання студэнтаў-платнікаў сёлета ў Беларусі не будзе. Пра гэта журналістам заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Мінадукацыі Сяргей Пішчоў.
Разам з тым ён нагадаў, што студэнты, якія навучаюцца на платнай аснове, могуць скарыстацца магчымасцю размеркавання — каб "атрымаць першае працоўнае месца і статус маладога спецыяліста". Паводле чыноўніка, штогод у Беларусі каля тысячы студэнтаў-платнікаў са сваёй ініцыятывы просяцца размеркаваць іх.
У верасні 2023 года міністр адукацыі Андрэй Іванец заявіў, што ў Кодэкс аб адукацыі ўнясуць змены. Для выпускнікоў ВНУ, якія вучыліся платна, планавалася ўвесці адпрацоўку па размеркаванні, а для студэнтаў-бюджэтнікаў меркавалася павялічыць яе тэрмін. Праўда, пазней чыноўнік паведаміў, што абавязковага размеркавання для платнікаў не будзе.