Сыход расіян з Херсона і баі на Данбасе — 260-я раніца вайны

Мужчыны перафарбоўваюць мост ва Украіне / ura.ru
Мужчыны перафарбоўваюць мост ва Украіне / ura.ru

Ва Украіне не вераць у адступленне расіян з Херсона. У Херсоне застаецца значная частка расійскай групоўкі, а ў акупаваную вобласць сцягваюць дадатковыя рэзервы, напісаў у Twitter дарадца кіраўніка Офіса ўкраінскага прэзідэнта Міхаіл Падаляк. З ягоных слоў, Украіна не бачыць прыкмет таго, што Расія пакіне Херсон без бою.

Так лічаць і прадстаўнікі ўкраінскіх сіл абароны поўдня. Расіяне могуць спрабаваць стварыць ілжывае ўражанне аб сапраўдных намерах у Херсонскай вобласці, а затым ўчыняць правакацыю, кажуць там.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў украінцаў стрымліваць эмоцыі з нагоды расійскіх заяў аб "сыходзе з Херсона". "Трэба разумець: ніхто ніадкуль проста так не сыходзіць, калі не адчувае сілы. Вораг не робіць нам падарункаў, не робіць "жэстаў добрай волі". Мы за гэта змагаемся. А калі змагаешся, трэба разумець, што кожны крок — гэта заўсёды супраціў ворага, гэта заўсёды страта жыццяў нашых герояў. Таму мы рухаемся вельмі акуратна, без эмоцый, без лішняй рызыкі", — заявіў Зяленскі.

У аператыўным камандаванні "Поўдзень" кажуць, што праціўнік сапраўды мяняе месца дыслакацыі і пакідае блокпосты. Але пры гэтым мінуе аб'екты і тэрыторыі. Таксама расіяне працягваюць шантаж тэхнагеннай катастрофай. Hromadske таксама адзначае, што ў сетцы ўчора сталі з'яўляцца відэа прасоўвання УСУ ў Херсонскай вобласці. На адным з іх украінскія вайскоўцы паведамляюць, што зайшлі ў Праўдзіна, іншае — сведчыць аб кантролі над паўднёвай часткай Дудчан. Яшчэ на адным украінскі сцяг паднялі ў Снігіроўцы. Аднак афіцыйных пацверджанняў гэтаму пакуль няма.

У Генштабе УСУ раніцай у чацвер паведамілі, што "так званая эвакуацыя насельніцтва з горада Херсона спыненая праз адсутнасць ахвотных. У горадзе акупацыйныя ўлады спынілі выдачу заработнай платы і сацыяльных выплат".

У Інстытуце вывучэння вайны мяркуюць, што "вывад расійскіх войскаў з заходняга берага Дняпра наўрад ці з'яўляецца пасткай, закліканай прывабіць украінскія войскі ў цяжкі бой пад Херсонам". Расіяне, вядома, паспрабуюць запаволіць прасоўванне ўкраінскіх войскаў, але толькі для таго, каб забяспечыць спарадкаваны адыход, мяркуюць у Інстытуце. Там таксама лічаць, што можна казаць аб поспеху ўкраінскага контрнаступлення пад Херсонам.

Што да іншых участкаў фронту, то сур'ёзныя баі працягваліся ў Луганскай і Данецкай абласцях. Расійскія войскі праводзілі наступальныя аперацыі ў раёне Бахмута, Аўдзееўкі і ў заходняй частцы Данецкай вобласці.

Уход россиян из Херсона и бои на Донбассе — 260-е утро войны
Карта баёў ва Украіне 9 лістапада / understandingwar.org

Расія стварае новыя і абнаўляе старыя траншэі на мяжы Крыма з мацерыковай часткай Украіны і на поўдні Херсонскай вобласці. Пра гэта піша швейцарскі вайсковы блогер Беньямін Пітэ са спасылкай на спадарожнікавыя здымкі SkySat.

Ён высветліў, што ў перыяд паміж 12 жніўня і 8 кастрычніка Расія аднавіла старыя і пабудавала новыя траншэі на пункце пропуску "Чангар" паміж Крымам і Херсонскай вобласцю. Такая ж сітуацыя ў акупаваным Армянску, што ў паўночна-заходняй частцы Крыма.

Падтрымка Украіны пасля выбараў у абедзве палаты Кангрэса ЗША – Палату прадстаўнікоў і Сенат – захаваецца, мяркуе амерыканскі прэзідэнт Джо Байдэн. Але ў любым выпадку, папярэдзіў ён, сучасныя амерыканскія самалёты Украіне прадастаўляць не будуць. Пра гэта Байдэн казаў на прэс-канферэнцыі, якую трансляваў Белы дом. Паводле яго слоў, Украіна прасіла аказаць занадта шмат ваеннай дапамогі. Вашынгтон не будзе падтрымліваць Кіеў у такім аб'ёме.

"Для прыкладу, мяне шмат разоў пыталіся, ці забяспечым мы амерыканскія самалёты, каб гарантаваць неба над Украінай. Я сказаў, што не, мы не будзем гэтага рабіць. Мы не збіраемся лезці ў Трэцюю сусветную вайну", – сказаў Байдэн. У той жа час, паводле яго слоў, ЗША дапамогуць Украіне атрымаць "усе рацыянальныя магчымасці для самаабароны". У прыватнасці, гаворка ідзе аб артылерыйска-ракетных сістэмах падвышанай мабільнасці HIMARS.

Тысячу дадатковых ракет класа "зямля-паветра" для супрацьпаветранай абароны перадасць Украіне і Вялікабрытанія. Пра гэта заявіў брытанскі міністр абароны Бэн Уоллес падчас наведвання трэніровачнага цэнтра ўкраінскіх вайскоўцаў. Па яго словах, брытанцы скончаць перадачу ракет ўжо ў бліжэйшы час. Украіна зможа выкарыстоўваць іх для абароны сваёй інфраструктуры. Гэта зброя складаецца з ракет і пускавых установак да іх.

Усё часцей некаторыя чыноўнікі на захадзе лічаць, што ні Украіна, ні Расія не змогуць дасягнуць сваіх мэтаў у вайне. Зіма, калі тэмпы вайны замарудзяцца, добры момант для пачатку перамоваў, мяркуюць яны. Пра гэта распавядае NBC News са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.

"Зімой усе запавольваецца. Існуе патэнцыял для перамоваў, мы хацелі б, каб яны адбываліся", – сказала журналістам адзін з крыніц. Тэма перамоваў, па словах суразмоўцаў NBC News, гучала і падчас нядаўняга неабвешчанага візіту дарадцы прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйка Саллівана ва Украіну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.