Супрацоўнікаў "Захад-Транснафтапрадукт" судзілі за хабар — Audi Q6

Суд / Суд / Еўрарадыё

Суд, ілюстрацыйнае фота

У Гомелі вынеслі прысуд па справе аб буйным хабары, які атрымаў супрацоўнік мазырскага прадпрыемства "Захад-Транснафтапрадукт".

Разгляд справы адбыўся 20 чэрвеня. Паводле версіі следства, супрацоўнік прадпрыемства па прозвішчы Д. атрымаў ад прадпрымальнікаў аўтамабіль Audi Q6 коштам больш за 470 тысяч рублёў. Таксама яму перадалі грошы — не менш за 320 тысяч рублёў гатоўкай. За гэта мужчына гарантаваў заключэнне дагавораў куплі-продажу і кантрактаў на рамонтныя і будаўніча-мантажныя работы з канкрэтнымі кампаніямі.

У зделках яму дапамагаў другі абвінавачаны — С., які прызнаў віну і раскаяўся.

Першага асудзілі на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама ён павінен заплаціць штраф 600 базавых велічыняў (25 200 рублёў) і пяць гадоў не мае права займаць пасады з кіраўнічымі функцыямі.

Другому прысудзілі чатыры гады калоніі і 300 базавых штрафу. Аднак па амністыі адзін год пакарання яму скасавалі.

Суд пастанавіў таксама канфіскаваць 4700 долараў ЗША. А з першага з фігурантаў будзе спагнана больш за 759 тысяч рублёў — кошт незаконна атрыманай маёмасці. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.