Супрацоўніцу кампаніі "Пеленг" асудзілі на два гады калоніі

Карына Праташчык

Карына Праташчык / vk.com

Супрацоўніцу кампаніі "Пеленг" Карыну Праташчык асудзілі на два гады калоніі. Яе прызналі вінаватай у "закліках да дзеянняў, якія наносяць шкоду Беларусі" (ч. 3 арт. 361 КК). Справу разглядаў Мінскі гарадскі суд (суддзя — Любоў Сімахіна), паведамляюць праваабаронцы.

Калі Праташчык затрымалі, дакладна невядома. Апошняя яе актыўнасць у сацсетках была больш за паўгода таму. Вядома, што ў ліпені 2024-га адбываўся масавы пераслед супрацоўнікаў "Пеленга". Іх вадзілі на паліграф, а некаторых звольнілі.

Карыне Праташчык 29 гадоў, яна ўраджэнка сталіцы. На "Пеленгу" яна з 2017 года. Апошнім часам была кантралёрам аптычных дэталяў і прыбораў пятага разраду ў бюро тэхнічнага кантролю аптычнай і касмічнай вытворчасці. Мяркуючы па сацсетках, у Праташчык ёсць муж і непаўналетняе дзіця.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.