"Стралок" распавёў у Данецку, што ён — палкоўнік запасу ФСБ Расіі (відэа)
Масквіч Ігар Гіркін (Стралкоў, "Стралок") сустрэўся ў журналістамі ў Данецку. Як вядома, нядаўна ён са сваім атрадам прарваўся са Славянска.
Разам з ім на прэс-канферэнцыі прысутнічаў "прэм'ер Данецкай народнай рэспублікі" Аляксандр Барадай. Ён прадставіў Гіркіна не толькі як "міністра абароны ДНР", але і як "камандуючага Узброенымі сіламі" і "кіраўніка Савета бяспекі ДНР". Яны прызналіся, што ведаюць адзін аднаго з 1996 года, разам былі калісьці ў Прыднястроўі.
Ігар Гіркін распавёў, што ён — палкоўнік запасу ФСБ Расіі, звольніўся са сваёй часці ў сакавіку 2013 года. У 1992-1993 гадах ваяваў у былой Югаславіі, удзельнічаў у першай і другой войнах у Чачэніі.
На пытанне, што чакае "апалчэнцаў", калі яны захочуць здаць зброю ўкраінскім сілавікам, Гіркін сказаў, што гэтыя байцы трапяць за гэта пад "ваенна-палявы суд".