Сталі вядомыя дэталі таго, як асіповіцкі віцэ-мэр "замініраваў" міліцыю і КДБ
Упраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці пачало крымінальную справу на 50-гадовага жыхара Асіповічаў. Яго вінавацяць у заведама хлуслівым паведамленні пра небяспеку, піша nn.by.
Гэты мужчына — цяпер ужо былы намеснік старшыні Асіповіцкага райвыканкама Аляксандр Шаўлюга. Ён курыраваў ідэалагічную работу, працу з моладдзю і СМІ. Паведамляецца, што напрыканцы красавіка ён затэлефанаваў у міліцыю і заявіў, што будынак мясцовага КДБ і РУУС замініраваны.
Ніякіх бомбаў у будынках не знайшлі, але праца міліцыі і КДБ была часова паралізаваная.
У прэс-службе Следчага камітэта журналістам патлумачылі: "Мы мяркуем, што ён быў у стане алкагольнага ап'янення. Але гэта не канчаткова — вядзецца расследаванне".
Пасля гэтага інцыдэнту Шаўлюгу звольнілі з працы: цяпер ён знаходзіцца дома. Размаўляць з журналістам экс-чыноўнік не захацеў.
"Тэлефоннаму мінёру" пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.