Стала вядома, якое забойства дапамог раскрыць Лукашэнка

Стала вядома, якую крымінальную справу Аляксандр Лукашэнка “раскрыў за суткі”. Гаворка ідзе пра забойства ў 2009 годзе жыхаркі Магілёва, інфармуе партал tut.by.
Пра раскрытую справу Лукашэнка распавёў у чацвер падчас сустрэчы з старшынёй Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Андрэем Шведам. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, да яго звярнуўся жыхар Магілёўскай вобласці, бацька забітай дачкі: “Прыйшоў і кажа: Аляксандр Рыгоравіч, ну не можа быць, каб было так, як суд прыняў рашэнне, і так, як следства правялі”. І Аляксандру Лукашэнку давялося асабіста прымаць рашэнне для таго, каб зноў вярнуцца да справы: ”Я сеў і сам за суткі вывучыў яе. І даў каманду пракурору і старшыні КДБ: чаго б ні каштавала расследаваць гэтую крымінальную справу”. Неўзабаве ў Расіі знайшлі “нягодніка”, якога раней апраўдалі, прывезлі ў Беларусь, дзе ён прызнаўся ў забойстве, паказаў, дзе і як забіваў.
Высветлілася, што спачатку абвінавачанне ў забойстве было выстаўлена беларусу, які рэгулярна ездзіў на заробкі ў Расію. Але ў лютым 2010-га Магілёўскі абласны суд яго апраўдаў. Суддзя, якая прымала гэтае рашэнне, ужо некалькі гадоў знаходзіцца на пенсіі. Той прысуд, дарэчы, сваякі загінулай абскардзілі ў Вярхоўным судзе, які пакінуў яго ў сіле. Цяпер матэрыялы крымінальнай справы (артыкул — “Забойства з асаблівай жорсткасцю”) зноў накіраваныя туды для разгляду. Абвінавачанага чакае суд, яму пагражае ад 8 да 25 гадоў пазбаўлення волі, ці пажыццёвае зняволенне, ці нават смяротнае пакаранне.