Стала вядома пра смерць 22-гадовага хлопца, якога судзілі за "палітыку"

Расціслаў Чаховіч

Расціслаў Чаховіч / фота з яго старонкі "Вконтакте"

Стала вядома пра смерць 22-гадовага віцябляніна Расціслава Чаховіча. Раней яго судзілі паводле палітычнага абвінавачання.

Расціслаў Чаховіч нарадзіўся 5 верасня 2002 года ў Віцебску, там і жыў.

Як піша "Наша Ніва", у 2021 годзе яму прысудзілі штраф за графіці "Сыходзь, таракан, 3%", намаляваныя на прыпынках і кіёсках. На момант суда было вядома, што хлопец мае анкалагічнае захворванне і трэцюю групу інваліднасці.

Згодна з артыкулам 341 КК "Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці" Чаховічу пагражала ад штрафу да 3 гадоў калоніі. Яму прысудзілі штраф 290 рублёў — магчыма, з увагі яго хваробу.

Пасля суда МУС дадала віцябляніна ў спіс экстрэмістаў, хаця суд прызнаў яго графіці "Сыходзь, таракан, 3%" непалітычнымі.

Дакладная дата смерці Чаховіча невядомая. Але "НН" адзначае, што ў сацсетках хлопец перастаў з'яўляцца з красавіка 2024 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.