Памерла сястра загінулага ва Украіне беларускага добраахвотніка Парфянкова

Памерла сястра загінулага беларускага добраахвотніка, ілюстрацыйнае фота

Памерла сястра загінулага беларускага добраахвотніка, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Стала вядома пра смерць сястры Васіля (Сябро) Парфянкова — байца-каліноўца, які загінуў пад Лісічанскам у канцы чэрвеня 2022-га. Жанчыне было 44 гады.

Як паведамляе "Белсат", у Алесі Парфянковай было анкалагічнае захворванне.

У 2022 годзе пасля ператрусу дома Алесю разам з маці арыштавалі і пасадзілі на Акрэсціна — толькі за тое, што яны блізкія ваяра-добраахвотніка. Жанчын абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі і нападзе на іх.

"Там жанчыны досыць малюсенькія, маці Васіля ў шаноўным узросце, ёй, здаецца, 67 гадоў, як яны маглі напасці? На судзе яны плакалі і гаварылі, каб яны не шылі ім тое, чаго не было насамрэч. Мама Васіля казала, што гатовая адсядзець, але за справу, а не за гэта… Да іх стабільна прыходзілі з вобшукамі, як я зразумела, кожныя паўгода", — расказвала праваабаронцам жанчына, якой давялося адбываць суткі разам з Алесяй і маці Васіля.

Як піша "Наша Ніва", хаця Алеся Парфянкова хварэла на рак печані, ад стацыянару і аперацыі яна адмаўлялася і лячылася дома.

На мінулым тыдні жанчыне спатрэбілася хуткая медыцынская дапамога. А 10 красавіка яна памерла ў Мінскай гарадской клінічнай бальніцы №2.

Пахавалі Алесю 12 красавіка на Заходніх могілках у Мінску.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.