Стала вядома імя беларуса, якога падазраваюць у выбуху ў Ханты-Мансійску

Андрэй Сакалоўскі-Станкевіч / фота з яго старонкі "Вконтакте"
Стала вядомае імя беларуса, якога затрымалі па падазрэнні ў падрыхтоўцы дыверсіі ў расійскім Ханты-Мансійску. Гэта 48-гадовы грамадзянін нашай краіны Андрэй Сакалоўскі-Станкевіч, піша "База".
ТГ-канал, блізкі да расійскіх сілавікоў, паведамляе, што падрыхтоўкай дыверсіі займаўся 42-гадовы Андрэй Кіяшка. Мужчына нарадзіўся ва Украіне, а ў 2020 годзе атрымаў грамадзянства РФ. Ён працаваў у нафтавай кампаніі, якая займаецца рамонтам свідравін.
Паводле версіі следства, Кіяшка збіраў бомбу ў доме на Прамысловай вуліцы. Дапамагаў яму 48-гадовы грамадзянін Беларусі Андрэй Сакалоўскі-Станкевіч. Як і Кіяшка, ён працаваў у нафтавай сферы. На старонцы Сакалоўскага-Станкевіча ў сацсетках пазначана, што жыве ён у расійскім Ніжнявартаўску.
Паведамляецца, што кватэру Кіяшка і Сакалоўскі-Станкевіч знялі 10 красавіка. Там яны збіралі выбухоўку, з дапамогай якой хацелі знішчыць расійскага вайскоўца. Як паведамлялася, 12 красавіка прылада здэтанавала: ад выбуху пацярпелі некалькі кватэраў, пяць чалавек атрымалі раненні. Сярод пацярпелых апынуліся і збіральнікі прылады.
Расійскія сілавікі затрымалі Кіяшку і Сакалоўскага-Станкевіча, а таксама грамадзяніна Малдовы, які прывёз у РФ кампаненты выбуховай прылады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.