СМІ: "Стралок" згубіў "касу", баевікі не хочуць ваяваць без заробку
Сярод удзельнікаў незаконных узброеных фармаванняў у Данецкай і Луганскай абласцях адбыўся раскол.
На гэта паўплывалі абставіны адступлення баевікоў масквіча Ігара Гіркіна (Стралкова, "Стралка") са Славянска, Краматорска і іншых гарадоў у Данецк.
"Давялося пакінуць амаль усе боепрыпасы, умацаванні, кінулі ўсе супрацьтанкавыя ракетныя комплексы, амаль усе пераносныя зенітныя ракетныя комплексы, 8 зенітных установак з 12, амаль усе боепрыпасы да стралковай зброі, усе скрыні з гранатамі, — цытуе словы аднаго з "апалчэнцаў" сайт censor.net.ua. — Пакінулі нават склад з сухпайкамі і мала гэтага — 4 "газэлькі" з новымі бронікамі, цеплавізарамі, каліматарамі, аптэчкамі, лазэрнымі дальнамерамі, біноклямі начнымі — усё дасталося ўкраінскім сілавікам".
Ён таксама дадаў, што замест эвакуацыі параненых і боепрыпасаў, камандзіры вывозілі на грузавіках нарабаваную ў Славянску маёмасць. Гэтым іх байцы вельмі незадаволеныя. Ім паведамілі, што "касу", нібыта, забыліся забраць. У выніку, "апалчэнцы" далі Гіркіну 5 дзён на тое, каб ён знайшоў ім грошы на заробак. Пакуль яны іх не атрымаюць, ніякай дзейнасці яны не плануюць, будуць проста сядзець.
Акрамя гэтага, існуюць супярэчнасці паміж баевікамі, якія даўно былі ў Данецку (іх там каля 1200 чалавек) і атрадам "Стралка". На аўторак прызначаная вялікая нарада "палявых камандзіраў", якая мусіць прайсці ў Данецку.

Фота з сацыяльных сетак.