Следчыя: Фота здзекаў над загінулым школьнікам з Баранавічаў — фальшыўка

Следчыя: Фота здзекаў над загінулым школьнікам з Баранавічаў — фальшыўка

Следчыя, якія вядуць справу аб самазабойстве 15-гадовага школьніка з Баранавічаў, заявілі, што фота са здзекамі над падлеткам — фальшыўка. Як паведамляе Intex-press са спасылкай на Упраўленне Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці, хлопчыкі, якія фігуравалі на фота, былі сябрамі загінулага хлопца і жылі з ім у адным раёне. Аднакласнікаў сярод іх не было.

Фота, дзе загінулы школьнік на імя Улад прывязаны да дрэва, а іншы хлопец яго нібыта збівае, было пастановачным. Іншыя хлопцы, якія былі на гэтых здымках, вырашылі “пажартаваць” з дзяўчынак, якія праходзілі паўз іх. Пра гэта следчым заявілі школьнікі, якія рабілі фота.

Маці Улада не згодная з пазіцыяй Следчага камітэта і сцвярджае, што на фота бачна, што яе сын плача. Сябры падлетка, з якімі скантактавалася выданне, кажуць, што існуе яшчэ і відэа, дзе Улада збіваюць палкамі. Прычым гэта не падобна да пастаноўкі. Здымкі, якія падалі следству, — гэта або фота, зробленае ў той момант, або скрыншоты з відэа. Сябры таксама сказалі, што відэа было апублікаванае ВКонтакте і “вісела” ў перасланых паведамленнях. Яны спрабавалі знайсці тых, хто збівае Улада на відэа, але не атрымалася.

Следчы камітэт працягвае расследаванне.