Следчы не лічыць мэтазгоднай сустрэчу Паўла Севярынца са святаром

Следчы Іван Санько ў чарговы раз адмовіў у сустрэчы зняволенага лідэра БХД Паўла Севярынца са святаром. Просьбу аб гэтым яшчэ 30 сакавіка падавала маці палітзняволенага, віцебская каардынатарка аргкамітэту Таццяна Севярынец.

"Заяву я падавала на падставе артыкулу 10, пункту 102 правілаў унутранага распарадку СІЗА КДБ, паводле якіх зняволены мае права на візыт святара. Следчы Санько ж заявіў, што сустрэча не мэтазгодная. Ён сказаў, што у правілах прапісанае права следчага дазволіць сустрэчу, але не абавязак. У першы раз ён заявіў, што гэта не ў яго кампетэнцыі. Зразумеўшы, што я трошкі разбіраюся ў законах, сказаў, што ён мае права не дазволіць сустрэчу. Я лічу гэта амаральным здзекам у дачыненні да ўсіх зняволеных, і перадусім у дачыненні Паўла", - паведаміла Таццяна Севярынец.

Маці палітвязня паведаміла, што працягне змагацца за магчымасць для свайго сына сустрэцца са святаром. Наступным крокам у барацьбе можа стаць зварот да Патрыярха Кірыла, паведамляе прэс-служба БХД.