Сістэма рэгулявання цэн у Беларусі зменіцца з Новага года
У Беларусі зноў мяняюць сістэму рэгулявання цэн
У Беларусі з 1 студзеня 2024 года зменіцца сістэма рэгулявання цэн, паведамляе прэс-служба ўрада. Адпаведную пастанову № 713(4) падпісалі ў Саўміне.
Згодна з дакументам, уводзяцца штомесячныя межы змены адпускных цэн вытворцаў:
— не больш за 0,3% да папярэдняга месяца на спажывецкія тавары, якія рэгулююцца пастановай;
— не больш за 3,5% да аналагічнага месяца мінулага года на гародніну баршчавога набору, гуркі, памідоры і яблыкі, якія маюць сезонны характар продажаў;
Пры павышэнні цэн у гэтых рамках не патрабуецца ўзгадняць іх у дзяржаўных органах.
Замест цяперашніх дазволаў на ўзгадненне такіх коштаў уводзіцца паведамляльны прынцып.
Таксама пастанова зніжае да 15% максімальныя надбаўкі імпарцёра на тавары некрытычнага імпарту, якія ў дастатковай колькасці вырабляюцца ў краіне. Уводзіцца гранічны памер оптавай зніжкі вытворцы — не больш як 15%. Абмяжоўваецца гранічны сукупны памер стымулюючых выплат, якія вытворца (пастаўшчык) робіць гандлёвым арганізацыям.
Акрамя таго, гандлёвыя арганізацыі атрымліваюць права аказваць рэкламныя паслугі пастаўшчыкам тавараў.
У Беларусі ўжо больш за год дзейнічае дзяржаўнае рэгуляванне цэн амаль на ўсе спажывецкія тавары. Былі ўведзеныя абмежаванні гандлёвых надбавак на 300 таварных пазіцый.