Шматдзетныя бацькі з Пінска выйгралі "суд на паўмільёна долараў"

Шматдзетныя бацькі з Пінска выйгралі "суд на паўмільёна долараў"

Пінскія прадпрымальнікі Антон Умінскі і Таццяна Цібец выйгралі "суд на паўмільёна долараў". Падатковая хацела спагнаць з іх 538 тысяч долараў — усю выручку за апошнія восем гадоў. Інспектары палічылі, што гэтыя грошы былі атрыманыя незаконным шляхам. Эканамічны суд Брэсцкай вобласці стаў на бок чыноўнікаў. 23 лістапада прадпрымальнікі абскарджвалі яго рашэнне ў Вярхоўным судзе, які неспадзявана адмяніў ранейшыя рашэнні і пастанавіў, што Антон і Таццяна нікому нічога не вінныя.

"Шансы на перамогу былі мінімальныя, — лічыць Антон Умінскі. — Калі мы выходзілі з залы суда на час, пакуль суддзі раіліся паміж сабой, мы былі ўпэўненыя, што прайграем справу. А калі нас паклікалі і абвясцілі рашэнне на нашу карысць, усе былі ў лёгкім шоку, у эйфарыі... Гэта год, вырваны з жыцця. Страчаныя нервы. Грошы, выдаткаваныя на юрыстаў і паездкі, бо суды праходзілі ў Брэсце і ў Мінску. Але больш за ўсё шкада часу, калі мы маглі б працаваць".

Па словах адваката прадпрымальнікаў, кропка ў справе яшчэ не пастаўленая, бо цягам 10 дзён падатковыя органы могуць абскардзіць рашэнне Вярхоўнага суда. Але ўсё ж Антон вельмі задаволены. Проста з залы суда ён тэлефануе Таццяне, якая чакае яго дома, бо паўтара месяца таму нарадзіла чацвёртае дзіця.

Шматдзетныя бацькі з Пінска выйгралі "суд на паўмільёна долараў"
Таццяна Цібец. Фота са старонкі Таццяны Цібец "ВКонтакте".

Гэтая гісторыя пачалася восем гадоў таму, калі індывідуальным прадпрымальнікам забаранілі наймаць дадатковых работнікаў. Каб працягваць бізнес, пінчанка Таццяна Цібец, якая дагэтуль гандлявала будаўнічымі матэрыяламі як ІП, стварыла прыватнае ўнітарнае прадпрыемства (ПУП). Але і ІП, якое ўжо заключыла шэраг дамоваў з заводамі-вытворцамі, пакінула. Далей яна набывала будаўнічыя матэрыялы як ІП, а потым прадавала іх свайму ж ПУП, каб пасля гандляваць імі з дапамогай наёмных работнікаў. Пры гэтым абодва прадпрыемствы спраўна плацілі падаткі.

У кастрычніку 2015 года на ПУП прыйшла падатковая праверка. Неспадзявана выявілася, што некуды знікла дамова паміж ІП і ПУП, заключаная ў 2008 годзе. Інспектар параіла Таццяне аднавіць гэты дакумент. Тая пагадзілася і аформіла патрэбную паперу, падпісаўшы яе з двух бакоў: і як індывідуальная прадпрымальніца, і як дырэктар ПУП. Але пасля падаткавікі заявілі, што гэта супярэчыць закону. А скасаванне дамовы вядзе да канфіскацыі ўсяго здабытага па ёй з абодвух бакоў.

Шматдзетныя бацькі з Пінска выйгралі "суд на паўмільёна долараў"
Антон Умінскі і Таццяна Цібец. Фота са старонкі Таццяны Цібец "ВКонтакте".

"Пытанне аднолькавых подпісаў на дамове з двух бакоў даволі спрэчнае. Ёсць паважаныя юрысты, якія лічаць, што гэта не парушае заканадаўства, калі з абодвух бакоў выступае ўласнік бізнесу. У такім выпадку не можа весціся гаворкі пра шкоду, нанесеную наўмысна, — распавядае Еўрарадыё Антон Умінскі. — Так, магчымыя выпадкі, калі ўласніка трэба абараніць ад нядобрасумленных прадстаўнікоў, якія могуць дзеля ўласнай выгады падпісваць ліпавыя дамовы самі з сабой. Але тут сітуацыя іншая".

У Вярхоўным судзе пінчукі хадайнічалі пра правядзенне экспертызы, якая б пацвердзіла, што спрэчная дамова заключаная толькі ў 2015 годзе, а да таго прадпрыемствы працавалі па іншым дакуменце. Але прадстаўнікі падатковай былі супраць усіх хадайніцтваў. "Яны даводзілі, што гэтая папера — адзіная, і, паколькі яна не адпавядае патрабаванням закона, трэба спагнаць усё, што мы па ёй зарабілі. Тым не менш, суддзі прыслухаліся да нашых аргументаў", — дадае Антон Умінскі.

Шматдзетныя бацькі з Пінска выйгралі "суд на паўмільёна долараў"
Фрагмент пастановы Эканамічнага суда Брэсцкай вобласці. Крыніца: naviny.by.

Прадпрымальнік распавядае Еўрарадыё, што сям'я не плануе сыходзіць з бізнесу: "Што мы зразумелі з гэтай гісторыі: беларускае заканадаўства вельмі складанае. Каб зарабляць прадпрымальніцтвам, трэба мець юрыдычную адукацыю, а калі не — дык пільна сачыць за ўсімі зменамі. Вялікая рэкамендацыя ўсім індывідуальным прадпрымальнікам: перагледзець дамовы, якія яны заключалі. Бо шмат у каго, калі яны пераходзілі з ІП у ПУП, могуць з'явіцца праблемы. Каб не трапіць у такую ж сітуацыю, варта перападпісаць іх у нейкай новай рэдакцыі".

"На жаль, сёння дзясяткі падобных справаў прайграюцца, а адвакаты толькі разводзяць рукамі. Таму не трэба залішняй радасці і ілюзіяў, — каментуе для Еўрарадыё вынікі суда старшыня прадпрымальніцкай грамадскай арганізацыі "Перспектыва" Анатоль Шумчанка. — Мы, са свайго боку, зрабілі ўсё, каб было такое рашэнне. Калі б суд не вырашыў сітуацыю на карысць сям'і прадпрымальнікаў, іх калегі былі гатовыя распачаць забастоўку. Улады ведаюць нашыя магчымасці, таму вырашылі не даводзіць сітуацыю да краю. Прадпрымальнікам з Пінска дапамагла нашая еднасць".